27 лістапада ў 10.36 на паштовую скрыню гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага невядомымі адпраўлена паведамленне з пагрозамі жыццю і здароўю, піша "Гомельская вясна". Ліст з ананімнымі пагрозамі атрымаў і юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Леанід Судаленка, які аказвае юрыдычную дапамогу журналісту.
Зламыснікі з невядомага адрасу ў сетцы Інтэрнэт g3dc13+16xgh0e88lcgk@guerrila/mail.com напісалі журналісту літаральна наступнае:
«Косця, або на нары або ў войска. Рыхтуйся. Беражы сябе, а то ў войску ўсякае бывае, ды і на нарах таксама».
Нагадаем, 23 лістапада Жукоўскі павінен быў з'явіцца па позве ў ваенкамат для складання пратакола па артыкуле 24.6 КаАП "ухіленне без паважных прычын ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны працэс". Сяржант запасу хоча высветліць, чаму пасля праходжання ў ваенкамаце медыцынскай камісіі і прызнання яго прыдатным да службы летам бягучага года яго не паклікалі ў «партызаны», а цяпер прызначылі новую медкамісію.
Ён звярнуўся з заявай да гарадскога ваеннаму камісару, бо лічыць, што ваенкамат выкарыстоўваюць як інструмент для перашкоды яго журналісцкай дзейнасці. Адказ з ваенкамата пакуль яму не паступіў.
Тым часам, стала вядома, што сёння ў 9.48 з гэтай жа паштовай скрыні ліст з пагрозамі паступіў і ў адрас гомельскага юрыста і праваабаронцы Леаніда Судаленка:
«Думай галавой каго абараняеш. Свядомы ўсё роўна ў войска пойдзе як міленькі».
Леанід Судаленка звязвае паступіўшую пагрозу ў свой адрас як раз-такі з абаронай журналіста, якому ваенкамат прызначыў паўторную медкамісію. Маючы сумны досвед адмовы праваахоўнікаў ў пошуку ананімных зламыснікаў, юрыст ўсё ж вырашыў па факце пагроз і запалохвання звярнуцца з заявай на імя начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама.
Крыніца: У Гомелі журналісту Жукоўскаму і яго абаронцу Судаленка пагражаюць невядомыя