У судзе Ленінскага раёну Гародні 22 лістапада павінен быў прайсці разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалая Саляніка.
Як паведамляе "Гарадзенская Вясна", яго збіраюцца судзіць за акцыю 7 лістапада, калі Салянік разам з іншым грамадскім актывістам Аляксандрам Лаўрэнцьевым выйшлі на плошчу Леніна з плакатам "Долой самодержавие!". Абодва былі затрыманыя. У дачыненні актывістаў былі складзены пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. Лаўрэнцьеў правёў больш сутак у ІЧУ і пазней быў засуджаны суддзём Русланам Гурыным да 15 базавых велічынь штрафу. Мікалай Салянік доўгі час быў у шпіталі, паколькі мае сардэчнае захворванне.
22 лістапада Мікалай Салянік з'явіўся у суд Ленінскага раёну ў паласатай турэмнай робе. На шыі у яго быў металёвы ашыйнік, да якога прыкуты ланцуг. На ланцугу была замацаваная калодка. Мікалая Саляніка разам з людзьмі, якія прыйшлі яго падтрымаць, прапусцілі ў будынак суду. Але ў залу судовага паседжання Мікалая Саляніка не пусцілі па той фармулёўцы, што ён у "ненадлежащем виде". Адбылася слоўная перапалка Мікалая Саляніка з прадстаўнікамі Ленінскага РАУС і міліцыянтамі з Ленінскага раённага суду.
У выніку ў фае суду выйшла сакратарка суддзі Руслана Гурына, якая паведаміла, што разгляд адміністрацыйнай справы 22 лістапада не адбудзецца. Судовае паседжанне перанесена на 26 лістапада. Час - 15.00.
Крыніца: Гародня: актывіст прыйшоў на суд з калодкай на ланцугу