Суддзя Маскоўскага раёна Брэста Раіса Лабачэўская 14 лістапада пакарала журналістку-фрылансера Мілану Харытонаву штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (612,5 руб.). Журналістка даведалася пра гэта праз тыдзень, піша baj.by.
Мілана Харытонава вырашыла не браць удзел у судовым працэсе, бо лічыць справу палітычна матываванай. Журналістку прызналі вінаватай на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП (праца на замежны СМІ без акрэдытацыі) за тое, што 4 кастрычніка сфатаграфавала ў пад'ездзе ўласнага дома той момант, калі супрацоўнік Маскоўскага РАУС Брэста Эдуард Уласюк уручаў позву ў міліцыю яе мужу і калегу Алесю Леўчуку. Ён жа выступіў галоўным сведкам па адміністрацыйнай справе супраць журналісткі. Фатаграфія пазней з'явілася на сайце тэлеканала “Белсат”.
Сама Мілана Харытонава лічыць абсурдным такое пакаранне, бо мае права паводле Канстытуцыі распаўсюджваць інфармацыю і размяшчаць у адкрытым доступе ў сацыяльных сетках, адкуль яна можа трапіць у любы сродак масавай інфармацыі.
Цягам апошніх двух месяцаў Мілану Харытонаву судзілі шэсць разоў, а Алеся Ляўчука — пяць. Агульны штраф гэтых брэсцкіх журналістаў-фрылансераў складае 9937 рублёў.
Крыніца: Журналістку аштрафавалі за фота мужа падчас размовы з міліцыянтам