Суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч спыніў адміністрацыйную справу супраць журналісткі-фрылансера Марыі Булавінскай-Ляпінай, распачатую па ч.2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), паведамляе "Гомельская Вясна".
Нагадаем, што адміністрацыйны пратакол супраць журналісткі склаў супрацоўнік АУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксандр Гусеў. Яе абвінавачвалі ў стварэнні дакументальнага фільма "Бяздомны горад" пра знішчэнне драўлянай забудовы ў Гомелі, які быў зняты па замове тэлеканалу "Белсат". Марыя з'яўляецца аўтарам і рэжысёрам фільма.
Са слоў самой журналісткі, пікантнасць сітуацыя заключалася ў тым, што гэта першы выпадак, калі пратакол складзены за відэа ў такім фармаце. Звычайна ўлады пераследуюць фрылансераў за вострыя сацыяльныя рэпартажы навінавага фармату.
Пастанова суда датавана шостым лістапада, менавіта ў гэты дзень праваабаронца Леанід Судаленка накіраваў зварот у абарону журналістаў-фрылансераў Спецыяльным дакладчыкам ААН, дзе была выказана занепакоенасць вакол сітуацыі журналістаў-фрылансераў гомельскага рэгіёну ў цэлым і апісана сітуацыя з Марыяй Булавинскай-Ляпінай.
Вядома, што яшчэ напярэдадні, пятага лістапада журналістку выклікалі ў Цэнтральны РАУС горада для ўдакладнення абвінавачання і тлумачэння правоў і абавязкаў.
Суд спыніў справу ў сувязі са сканчэннем тэрміну накладання адміністрацыйнага спагнання.
Крыніца: Суд у Гомелі спыніў пераслед журналісткі за стварэнне фільму