Журналістка парталу Tut.by Ульяна Бабаед паведаміла ў Фэйсбуку пра званок следчага са Следчага камітэту з патрабаваннем стаць на ўлік у міліцыі. Журналістка здзівілася: хіба ставяць на ўлік да прыгавору суду? Радыё Свабода запыталася ў журналісткі, пра які менавіта ўлік ідзе гаворка.
«Таксама цікавілася, што за ўлік такі, бо ведаю, што звычайна ставяць на ўлік ужо асуджаных. Следчы ўдакладніў, што ў райаддзеле міліцыі трэба паставіцца на ўлік „падазраваных і абвінавачаных“. І дадаў, што калі не прыйду сама, дык даставяць у міліцыю прымусова», — сказала Свабодзе Ульяна Бабаед.
Кіраўнік прэсавай службы Следчага камітэту Сяргей Кабаковіч даў такі камэнтар да звестак пра патрабаванне, каб фігурантка «справы БелТА» Ульяна Бабаед стала ў міліцыі на ўлік «падазраваных і абвінавачаных».
«Калі гэтак абазначыў следчы, што гэта неабходна, значыць, неабходна. Асабіста я ў гэтым нічога ня бачу. Чалавеку, пра якога ідзе гаворка, усё было патлумачана», — сказаў Сяргей Кабаковіч.
Што думаюць пра сітуацыю праваабаронцы? Ці не парушае патрабаваньне стаць на ўлік у міліцыі правы чалавека, які не асуджаны, а толькі пад следствам?
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка мяркуе, што ставіць на ўлік у міліцыі чалавека, адносна якога яшчэ не прынятая пастанова суду ці іншае працэсуальнае рашэнне, — гэта фармальна не супярэчыць беларускаму заканадаўству, але па сутнасці абмяжоўвае правы такога чалавека.
«Бо што такое ўлік? Фактычна гэта пэўныя абмежаванні правоў асобы, гэта абавязак браць удзел у пэўных прафіляктычных захадах. А калі чалавек адмовіцца ці нt выканае нейкага з гэтых патрабаванняў, дык яго могуць абвінаваціць у непадпарадкаванні службовай асобе — а гэта новае злачынства. Між тым чалавек не прызнаны судом вінаватым. Дык чаму яго трэба абмяжоўваць у правах ды ставіць пад рызыку новага пераследу?»
Каго дазволена ставіць на прафіляктычны ўлік у міліцыі, вызначана ў законе «Аб асновах дзейнасці па прафіляктыцы правапарушэнняў». Паводле Паўла Сапелкі, у законе няма азначэння «падазраваныя і абвінавачаныя», але спектар «надзвычай шырокі і няпэўны».
«Вось глядзіце, якая фармулёўка ў артыкуле 28 наконт прафіляктычнага ўліку. На яго можна паставіць „грамадзяніна, адносна якога атрыманыя звесткі пра здзяйсьненьне дзеянняў, якія могуць стварыць пагрозу нацыянальнай бяспецы, нанесці шкоду дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам, правам, свабодам і законным інтарэсам іншых грамадзян ці прывесці да здзяйснення злачынства“. Гэта значыць, што можна вельмі шырока трактаваць учынкі людзей і ставіць іх на ўлік, у тым ліку на падставе нейкіх нявызначаных зьвестак, яшчэ да суду, што і ёсьць парушэньнем іх правоў», — мяркуе праваабаронца Павал Сапелка.
Паводле БелаПАН, у міліцыю выклікалі мінімум чатырох абвінавачаных па справе. Прычын пастаноўкі на ўлік ім не патлумачылі, але адзначылі, што ў выпадку няяўкі іх могуць даставіць у органы ўнутраных спраў прымусова.
Крыніца: Ад фігуранткі справы БелТА патрабуюць стаць на ўлік у міліцыі. Ці законна гэта?