Анатоль Мышкевіч. Фота: Радыё Рацыя. 14 базавых адзінак адміністрацыйнага штрафу прысудзіў суддзя Юры Біч гарадзенцу Анатолю Мышкевічу, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Суд над грамадскім актывістам, каардынатарам цывільнай ініцыятывы «Гародня» Анатолем Мышкевічам прайшоў у гарадзенскім Ленінскім раённым судзе. Разглядалася яго адміністрацыйная справа паводле артыкула 23.34 частка 1 — «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства». Сваёй віны Анатоль не прызнаў:

— Я раздаваў улёткі. Змест іх быў такі ж самы, як і на плакаце. Гэта надпіс: «Мы помнім, не дазволім паўтарыць». Былі выявы гэтых чатырох чалавек. Людзям, калі даваў улёткі, нагадваў, казаў, што ў гэты дзень адбылося. Калі я пачынаў расказваць, то ўсе помняць пра гэтых людзей, і ўсе былі абураныя. Усе добра разумеюць, што людзі, якія былі ва ўладзе, каб утрымаць уладу, былі гатовая пайсці на любое злачынства.

16-га верасня сёлета Анатоль правёў адзіночную акцыю. На муры аднаго з дамоў з’явіўся плакат са здымкамі зніклых беларусаў: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага. Праваабаронцы ўважаюць падобныя судовыя працэсы ціскам на правы грамадзянаў у магчымасці публічнага выказвання ўласнай думкі. У суд, падтрымаць Анатоля Мышкевіча, прыйшлі сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды Партыі БНФ.

Крыніца: Анатоля Мышкевіча аштрафавалі на 14 базавых