Фота з сайта vitebsk-region.gov.by У Генеральнай пракуратуры разглядзелі заяву праваабаронцы Валянціна Стэфановіча аб правядзенні пракурорскай праверкі па факце прыцягнення ваеннаслужачых да прыборкі ўраджаю на сельгаспрадпрыемствах Сенненшчыны.

Начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках Мікалай Апалькоў у сваім адказе адзначыў, што падставаў для прыняцця мераў пракурорскага рэагавання не маецца, бо праведзенай праверкай было ўстаноўлена, што “ваеннаслужачыя накіроўваліся для аказання дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям ва ўборцы ўраджая ў парадку, прадугледжаным Указам прэзідэнта №300 “Аб прадастаўленні і выкананні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі”.

“Парушэнняў заканадаўства ў дзеяннях службовых асобаў Узброенных Сілаў, у тым ліку ў частцы выканання правоў ваеннаслужачых, не выяўлена”, - падкрэсліваецца ў адказе.

Праваабаронцы лічаць такі адказ адпіскай: пракуратура проста заплюшчвае вочы на прыцягненне да прымусовай працы ваеннаслужачых. Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу, што бязвыплатная дапамога прадастаўляецца на падставе добраахвотнасці і свабоды выбара яе мэтаў. А патрабаванне прадастаўлення бязвыплатнай дапамогі забараняецца.

Аднак пра якую добраахвотнасць працаў у полі можа ісці гаворка, калі вайскоўцы выконвалі загад міністра абароны Беларусі?  

Нагадаем, яшчэ з 27 ліпеня зводны ўзвод з 45 вайскоўцаў прыбыў у Віцебскі рэгіён, каб ад шостай раніцы і да позняга вечара перавозіць збожжа, рапс, салому.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце аблвыканкама, дзякуючы дапамозе Мінабароны сельгаспрадпрыемствы рэгіёну не мелі праблем з адвозкай збожжа, а за гэта салдаты былі «забяспечаныя трохразовым харчаваннем і пражывалі ў належных бытавых умовах».

Праваабаронцы ж "Вясны" ў чарговы раз адзначылі сістэматычны характар ​​прымусовай працы ў Беларусі.

Крыніца: Ці можа быць добраахвотнай праца па загадзе міністра абароны?