Цікава, па сваім жаданні ці пад прымусам? У эфіры інфармацыйна-аналітычнай праграмы «Днямі», якую выпускае тэлеканал «Беларусь 4» па замове Магілёўскага аблвыканкама, паказалі, як у Бялыніцкім раёне на ўборку ўраджаю адпраўляюць настаўнікаў і выхавальнікаў.
Па інфармацыі mspring.online, згодна з рэпартажам, у гэтым годзе ў гаспадарцы «Новая Друць» у аграгарадку Цяхцін вялікі ўраджай яблыкаў – звыш тысячы тон пладоў. Каб сабраць такое багацце, на дапамогу адправілі педагогаў з устаноў адукацыі Бялыніцкага раёна, пазначыўшы іх як «шэфскія арганізацыі».
Настаўнік фізкультуры Аляксандр Шакураў і выхавальніца дзіцячага сацыяльнага прытулку Наталля Забаронак ў сюжэце выказалі гатоўнасць падтрымліваць калгас і дапамагаць збіраць ураджай. Зрэшты, ці можна было ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала сказаць інакш?
Беларускія праваабаронцы з “Вясны” звяртаюць увагу на тое, што сельгасработы, на якія накіроўваюцца работнікі іншых прадпрыемстваў, ёсць нішто іншае як прымусовая праца. Як правіла, райвыканкамы выдаюць незаконныя распараджэнні аб накіраванні людзей на дапамогу ва ўборцы ўраджаю, якія прама парушаюць працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь і міжнародныя дамовы, ратыфікаваныя нашай краінай.
Так, арт. 20 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь забараняе наймальніку патрабаваць ад работніка выканання працы, не абумоўленай працоўным дагаворам, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. Дадзеныя выпадкі пералічаныя ў арт. 33 Працоўнага кодэкса, і штогадовыя сезонныя працы па ўборцы гародніны такімі не з’яўляюцца.
Акрамя таго, прымусовая праца забараняецца і арт. 13 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з п. 2 ч. 2 якой прымусовай працай, акрамя іншага, з’яўляецца праца ў якасці метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы ў мэтах эканамічнага развіцця.
Крыніца: Дзяржтэлеканал паказаў, як у Бялыніцкім раёне педагогаў адпраўляюць збіраць яблыкі