У Светлагорскім раённым суддзе 31 кастрычніка працягваўся разгляд скаргі праваабаронцы Алены Маслюковай супраць райвыканкама. Папярэдняя паседжанне адбылося 16 кастрычніка.
Прычына скаргі – забарона правядзення ў горадзе шостага кастрычніка мірнай акцыі супраць працы завода беленай цэлюлозы. Райвыканкам не дазволіў у той дзень (а менавіта ў прамежак часу з 16.00 да 18.00) правесці мітынг на стадыёне “Папернік”, бо быццам бы на той час было запланавана правядзенне моладзевага першынства па футболе. Шостага кастрычніка Алена Маслюкова вырашыла праверыць, ці не схлусіў райвыканкам, і прыйшла ў адпаведны час на стадыён – у 16.00 ён быў пусты.
Скаргу праваабаронцы разглядае суддзя Людзміла Сядзько, якая летам вяла падобны працэс па адмове ў правядзенні пікета ў падтрымку Ігара Камліка і Генадзя Фядыніча (тады скарга Маслюковай не была задаволена). На паседжанні яна распачала допыт сведкаў з боку райвыканкама, якія мусяць паказаць, што футбольныя спаборніцтвы на стадыёне “Папернік” шостага кастрычніка ўсё ж мелі месца.
Так, быў дапытаны сведка Засінец Ю.М. – трэнер са спартовай школы, якой нарежыць стадыён. Паводле яго слоў, у суботу шостага кастрычніка на “Паперніку” было дзве гульні: у 12.00 і у 14.00. На першай ён прысутнічаў, а на другой – не, таму і не можа сказаць, ці скончылася спартовае мерапрыемства да 16.00.
Так як словы Засянца ніяк не змаглі падмацаваць пазіцыю раёвыканкама адносна адмовы ў правядзенні мітынгу, суддзя вырашыла выклікаць новых свадкаў. Да таго ж Людзміла Сянько знайшла пэўныя недакладнасці з тэрмінамі пераносу футбольнага першынства з нядзелі сёмага кастрычніка на суботу шостага. Бо, як высветлілася падчас судовага паседжання, першапачаткова футбольныя гульні мусілі прайсці на дзень пазней, аднак у Гомелі вырашылі змяніць дату іх правядзення.
Каб прадстаўнікі спартовай школы разабраліся з недакладнасцямі і для выкліку новых сведкаў суддзя вырашыла зрабіць перапынак да 8 лістапада.
Крыніца: У Светлагорску праваабаронца працягвае судзіцца з райвыканкамам