Ілюстратыўнае фота. Праваабарончая «Магілёўская вясна» і mspring.online запрашаюць палітыкаў, актывістаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў і проста неабыякавых людзей на мазгавы штурм.

29 кастрычніка, тры дзесяткі гадоў таму, адбыўся адзін з самых масавых мітынгаў у новай магілёўскай гісторыі. Ён быў прысвечаны памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і сабраў сотні чалавек. Тады, напрыканцы 80-х – пачатку 90-х, людзі востра адчувалі раны ад савецкага таталітарызму.

Сёння мала хто з магілёўцаў задумваецца пра тое, што савецкая дзяржава не толькі спявала камсамольскія песні, але і забівала нявінных. Нехта ўспомніць слова «Курапаты», аднак зусім нямногія ведаюць, што і ў Магілёве ёсць месца ў памяць ахвяр рэпрэсій.

Для ўладаў тэма савецкіх рэпрэсій нязручная – існуючая ідэалогія бярэ вельмі многае з лозунгаў СССР. Таму ў незалежнай Беларусі мы на дзяржаўным узроўні атрымліваем святкаванне стагоддзя Ленінскага камсамола. І – поўнае маўчанне на тэму сотняў нявінна забітых і тысяч сасланых у лагеры.

Тэма знікла з мясцовага дзяржаўнага «эфіру» і мы ўпэўненыя, што з гэтым трэба нешта рабіць.

Як праводзіць акцыі памяці рэпрэсаваных?

Што рабіць з помнікам, якога дагэтуль няма?

Як зрабіць так, каб як мага больш людзей памяталі пра забітых савецкай дзяржавай?

Як зноў актуалізаваць тэму рэпрэсій у СССР на мясцовым узроўні? І яшчэ мноства пытанняў, на якія мы не можам знайсці адказаў без вас.

Напярэдадні новай гадавіны трагедыі сайт пра правы чалавека mspring.online і магілёўскае аддзяленне праваабарончага цэнтру “Вясна” аб’яўляюць пра дыскусію «Памяць аб ахвярах палітычных рэпрэсіяў: што нам рабіць далей».

Яна пройдзе ў пятніцу, 26 кастрычніка, у грамадскім цэнтры «Кола» (зав. Чкалава, 16). Пачатак – 19:00.

Мы чакаем усіх, хто салідарны з намі ў меркаванні, што здаровае талерантнае грамадства немагчыма пабудаваць на замоўчванні дзяржаўнага гвалту і ігнараванні масавых забойстваў.

Крыніца: «Магілёўская вясна» запрашае на дыскусію