Супрацоўнік міліцыі здымае мірны сход грамадзян у Берасці. Фота: Радыё Свабода. Суд Ленінскага раёна Берасця працягвае караць ўдзельнікаў мірнага сходу грамадзян, які адбыўся 14 кастрычніка.  Па звестках праваабаронцаў, штрафы і арышты за ўдзел у акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем атрымалі 12 чалавек.

У пятніцу ў ізалятар часовага ўтрымання былі змешчаныя яшчэ чацвёра праціўнікаў шкоднай вытворчасці. Гэта Валерый Фамінскі, Дзямян Лепясевіч, Алесь Аблака і Андрэй Шарэнда. Сёння іх чакаюць суды за парушэнне артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Суд над праваабаронцам Раманам Кісляком прызначаны на 24 кастрычніка.

Такім чынам, колькасць пакараных за ўдел у мітынгу 14 кастрычніка можа скласці 17 чалавек.

Усяго 14 кастрычніка, пад час мітынгу і перад яго пачаткам, супрацоўнікі міліцыі затрымалі 16 чалавек. Траіх непаўнагадовых пазней адпусцілі з бацькамі, на астатніх склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 9 удзельнікаў мітынгу атрымалі штрафы, траіх – Міколу Статкевіча, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава пакаралі арыштам на 5 сутак. Усе яны пасля арышту выйшлі на волю.

Геаграфія адміністрацыйнага пераследу грамадзян па стане на 21 кастрычніка.
Геаграфія адміністрацыйнага пераследу грамадзян па стане на 21 кастрычніка.

Тым не меней, пасля шматлікіх затрыманняў, судоў і арыштаў, людзей, якія выйшлі на плошчу Леніна пакарміць галубоў, у нядзелю прыйшло болей за 120 чалавек. “Кармленне галубоў” – акцыі пратэсту жыхароў Берасцейшчыны супраць будаўніцтва ў рэгіёне заводу па вырабе акумулятарных батарэй. 

Крыніца: Новы тыдзень у Берасці пачынаецца з судоў (табліца)