Сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, удзел беларускай праваабарончай супольнасці ў працы 124 сесіі Камітэта па правах чалавека ААН, а таксама перспектывы адмены смяротнага пакарання ў нашай краіне абмеркавалі 17 кастрычніка прадстаўнікі амбасады Швецыі ў Беларусі з праваабаронцамі “Вясны”.
Інфармацыю з першых вуснаў шведскім дыпламатам прадставілі старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, сябра рады арганізацыі Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі Андрэй Палуда.
У ходзе сустрэчы на офісе “Вясны” амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан змагла пачуць вычарпальныя адказы на пытанні, якія яе цікавілі, а таксама выказала падтрымку дзейнасці беларускай праваабарончай супольнасці.
Сустрэча прайшла ў канструктыўнай і сяброўскай атмасферы.
Крыніца: “Вясноўцы” абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі з амбасадаркай Швецыі