Новая кніга Алеся Бяляцкага «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна») нагадвае трыптых «Страшны суд» Ераніма Босха — толькі выкананы мазаікай, і аўтар там не судзьдзя. Рэфлексіі пасля прачытання Аляксандра Лукашука на "Радыё Свабода".
«Шаноўны суд! Шкада, што я не радзіўся птушкаю! -Чаму? -А тады я б насраў на вас згары!»
Гэта ўжо пятая і, бадай, самая незвычайная кніга ў сэрыі «Беларуская турэмная літаратура». Хоць пачынаецца падкрэсьлена традыцыйна:
«І звонкі бразгат ключа аб жалеза парэнчаў, і гучны крык наглядчыка „Тры-сем“, што азначае, што нас ідзе трое ў прагулачны дворык № 7»... — пачатак празрыста салжаніцынскі, з «Аднаго дня». У першым сказе — ключ: гэтая кніга перш за ўсё пачутая, а потым ужо апавядальная, асэнсавальная, мэмуарная.
«Чую крыкі: „Скласьці на гэтага ўрода акт!“ Зэк карміў птушак хлебам, а тут „хазяйка“ ішоў».
У сталінскім гулагу птушак хлебам не кармілі. У беларускім карміць не дазваляецца. Што саву аб пянёк, што пяньком аб саву, як кажуць у такіх выпадках.
«Турэмныя сшыткі» склалі дзёньнікавыя запісы, зробленыя падчас 1052 дзён і начэй у зьняволеньні. Яшчэ адна адметнасьць кнігі — у асобе аўтара, але ня ў тым, што ён сусьветна вядомы праваабаронца, а ў тым, што ён прафэсійны літаратар, крытык, літаратуразнаўца. І таму асоба зэка Бяляцкага А. В. таксама зьяўляецца прадметам тэксту, нават вынесена ў асобны разьдзел: «Унутранае я»:
«Стаў лепшым, чысьцейшым... Уменьне марыць — гэта № 1. Адсутнасьць сьпіртнога ачысьціла мозг. Прымітыўны быт узьняў дух. Абвастрыліся пачуцьці — менш бачыш разнастайнага, затое лепш чуеш. Усё заўважаеш. І ты таксама як на далоні. Пачуцьці становяцца больш складанымі, больш яркімі і шматфарбнымі... Значна менш размаўляю, больш думаю, перажываю. У душы я памаладзеў».
Быццам трохі наіўна, але турма заўсёды дзейнічае як узмацняльнік, яна можа зьмяніць слоўнік, фокус, стыль, задаць маштаб, герархію.
«Тэрміны даюць такія, быццам мы чарапашкі».
У турме ў Бяляцкага больш за ўсё філёзафаў — на гэтае званьне прэтэндуюць і турэмшчыкі, і зьняволеныя. Першыя вывешваюць на слупе ў лягернай сталоўцы цытату Сакрата «Найлепшая прыправа да ежы — голад». Да гітлераўскай знаходкі на браме канцлягеру Дахаў пра працу, якая робіць свабодным, засталося паўкрока.
Зэкі адказваюць экзыстэнцыйна і нават эпічна:
«Што тут тваё? Толькі г..., ды і тое толькі калі ляціць».
Бяляцкі не ўхіляецца ад моўнай масы турмы — лаянкі, нізкай лексыкі, пахабнага гумару — але кніга надзіва чыстая, аўтар ня грэбуе, не пагарджае, а назірае. Галоўнае нават не шмакроп’і пасьля безьлічы назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў на сакральную славянскую літару «Х», а імкненьне аўтара не хлусіць, не прыгладжваць, не замоўчваць, і не судзіць — пісаць праўду як яна гучыць.
«Хавайся! — Нах.. мне хавацца, я сам убійца».
Турма ў Бяляцкага, бадай, самая беларуская пасьля «Кіпцюроў» Аляхновіча — ня столькі таму, што аўтар сам заўсёды гаворыць з усімі па-беларуску, а таму, што натуральна, пасьлядоўна, сьведама й нясьведама ўспрымае навакольле па-беларуску. Хоць турма гаворыць па-расейску, гэта не пераклад.
«Піцень, піцень, Куста, ёй! Цуркайка, а-а-а!»
Так салавей сьпявае, тлумачыць зэк, або хлопец зь дзяўчынаю кахаюцца. А так начальства з аўтарам размаўляе:
«— Вопросы есть? — Пытаньняў няма, грамадзянін начальнік. — А вопросы?»
А ў самога аж сэрца заныла, як пачуў ад цыгана з Давыд-Гарадка: «скавародка, уюны несалоныя» — так яго баба з Нароўлі казала.
У турме Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію імя Вацлава Гаўла, прэмію ад Леха Валэнсы, у Галяндыі ў яго гонар выбілі мэдаль, у Швэцыі паставілі спэктакль, у Парыжы далі ганаровае грамадзянства, у Літве прэмію свабоды, намінавалі на Нобэлеўскую прэмію міру, у ААН заклікалі вызваліць, часопіс «Дзеяслоў» адзначыў «Залатым апострафам», і адзіны камэнтар, які сабе дазваляе — не заслужыў.
Чытаньне «Турэмных сшыткаў» — як бокс з завязанымі вачыма, ніколі ня ведаеш, што і адкуль цябе ўразіць. Вось два абзацы са студзеня 2013 году — з аднаго даведваемся, што ён атрымліваў 200-500 (!) лістоў, паштовак, тэлеграмаў штодзень на працягу тыдняў, з другога — што ў Менску была прэзэнтацыя кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».
А паміж імі яшчэ адзін запіс:
«Пытаньне тазіка — зараз адное з істотных для мяне».
Больш пра тазік нічога, але гэты сказ паміж абзацамі — як слой бэтоннага раствору, які замацуе іх назаўсёды. (Ня ведаю, ці пра гэта, але ў «Сшытках» ёсьць эпізод, калі адзін з зэкаў, які нападае час ад часу на Бяляцкага за беларускую мову, просіць пакінуць ваду ў тазіку, каб далей прыбіраць — аднак ляўрэат прэміі Вацлава Гаўла ваду вылівае. Чысьцей будзе, дадам я як чытач.)
У турме Бяляцкі застаецца літкрытыкам: піша прадмовы, артыкулы, рэцэнзіі на кнігі паэзіі і прозы, зьдзіўляецца непрыемнай здольнасьці знаёмага літаратара ў сьціслай форме «аба...ць» адразу кучу людзей, не разумее, што робяць у газэце КДБ, як ён называе «СБ», быццам прыстойныя пісьменьнік і пісьменьніца... Але дастае яго іншая літаратура: ён плача над «Вайной і мірам», цытуе Барадуліна, Някляева, Бураўкіна, Ірыну Багдановіч, нейкім чынам яму патрапляе нават «Майстроўня», кніга зь «Бібліятэкі Свабоды», у якой Сяргей Дубавец з Тацянай Сапач аднавілі легендарны моладзевы рух 1980-х:
«Чытаю „Гісторыю аднаго цуду“ Дубаўца, яна мне проста душу выварочвае».
Выварочваньне — асноўная праца на прамзоне. Зэкі рвуць зацьвілыя брызэнтавыя падсумкі на латкі, зь якіх потым шыюць рукавіцы, іх трэба выварочваць. Выварочваюць пагоны, бялізну. Бяляцкі вывернуў напаказ сваё, а аказалася — турэмнае жыцьцё. Дзёньнікавая прырода кнігі, вымушаная сьцісласьць запісаў, іх сюжэтная свабода ствараюць надзвычай канкрэтную прастору для рэчаў, пахаў, рухаў, тактыльных адчуваньняў, смаку, холаду, голаду, бруду.
У энцыкляпэдыі сучаснай беларускай турмы, якая выйшла сёлета ў «Бібліятэцы Свабоды» («Турма, мужчына і жанчына» Алены Панкратавай), адзін зэк згадвае пра адседку зь Бяляцкім:
«Нармальны мужчына, усе казалі. Размаўляў па-беларуску, успрымалася гэта цалкам нармальна. Іншая справа, што тыя, хто зь ім пагаварыў, адразу атрымлівалі дзесяць сутак у ШЫЗА. Так і выходзіла, што ён фактычна быў у ізаляцыі».
Ізаляцыя пісьменьніка — гэта насамрэч вываратка, бо чуюць і бачаць ня тыя, хто мае вушы і вочы, а тыя, хто хоча і ўмее.
Ня ведаю, да якой літаратурнай катэгорыі аднесьці дакумэнты, апублікаваныя ў дадатку, асабліва ліст зь Літвы пра банкаўскі рахунак «Вясны», зарэгістраваны на Бяляцкага:
«Министерство юстиции Литовской Республики выражает свидетельство глубокого уважения Министерству юстиции Республики Беларусь...»
Рэзкі пах мачы і г..на, як апісвае зэк Бяляцкі паход у прыбіральню.
«Сшыткі» не былі задуманыя як адзін наратыў, але кніга аказалася прадуманай — падзел на рознакаляровыя сшыткі дасьціпны і лягічны, камэнтары дарэчныя, хоць некаторыя варта б павялічыць, а некаторыя цытаты скараціць (апошні разьдзел, «Лісты, не прапушчаныя цэнзурай», выбіваюцца са стылю і належаць да нейкай іншай кнігі).
Пасьля сустрэчы з папскім нунцыем начальнік калёніі задае Бяляцкаму адвечнае пытаньне беларускіх уладаў, застраглых паміж Усходам і Захадам як зэк на ачку падчас шмону — калі ж той нарэшце напіша просьбу аб памілаваньні.
«Ды я лепей здохну, чым напішу».
У «Страшным суде» Босха ёсьць тыя, хто загінуў, і тыя, хто ўратуецца. У Бяляцкага можна навучыцца, як ратавацца.
Крыніца: Сшыткі свабоды зэка Бяляцкага