Пасля прадастаўлення альтернатыўнай справаздачы на 124-ай сесіі ў Камітэце па правах чалавека ААН юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч падзяліўся сваім ураджаннем ад пазіцыі афіцыйнай дэлегацыі і думкамі наконт склаўшайся сітуацыі.
Якая пазіцыя афіцыйных ўладаў Беларусі?
Склалася вельмі неадназначная сітуацыя. З аднаго боку, улады адсправаздачыліся за 20 гадоў у Камітэце па правах чалавека. І гэта добра. Раней афіцыйны бок гэтага не рабіў увогуле і прапускаў перыядычнасць падачы дакладаў. Тое, што за апошнія гады ўлады справаздачацца ў дагаварных органах і зараз не маюць запазычанасцяў перад імі – вітаецца намі.
Але з іншага боку, тое, што мы пачулі ў Камітэце, калі слухаўся афіцыйна даклад, з’яўляецца ў пэўным сэнсе выклікам - афіцыйныя ўлады заявілі з высокіх трыбун, што рашэнні камітэта па індывідуальных зваротах і ўсе працэдуры Камітэта яны выконваць не будуць. І гэта выклік не толькі для самаго Камітэта, але і для беларускай праваабарончай супольнасці.
Там да таго глава дэлегацыі Юрый Амбразевіч дагаварыўся, што нацыянальнае права Беларусі прэвалюе над міжнародным. І ўвогуле сам тон тон афіцыйнай дэлегацыі вар’іраваўся ад цынічна-грэблівага да зусім хамскіх паводзінаў некаторых сябраў дэлегацыі, якія нібыта забываліся дзе яны знаходзяцца.
Пры гэтым улады лічаць, што яны супрацоўнічаюць з КПЧ, і падаецца, што галоўная іх задача заключаецца ў справаздачнасці. Гэта і ёсць дэманстрацыя супрацоўніцтва па іх меркаванню. Ніхто зараз не можа ўлады Беларусі папракнуць у несупрацоўніцтве, якія паўсюль дасылаюць свае справаздачы: у Камітэт супраць катаванняў, Камітэт супраць расавай дыскрымінацыі і Камітэт супраць дыскрымінацыі жанчын, у наступным годзе будзе прадстаўлены даклад у Камітэт па сацыяльных, эканамічных і культурных правах.
Але Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах - гэта не пра справаздачнасць, а пра тое, што яго палажэнні мусяць выконвацца ў краіне, якая яго ратыфікавала, і забяспечвацца рэалізацыя тых нормаў, што ў ім ёсць. А гэта іншы, больш складаны бок.
Што рабіць грамадзянам, чые правы былі парушаныя дзяржавай?
Ёсць два варыянты: працягваць накіроўваць індывідуальныя звароты ці перастаць гэта рабіць.
З аднаго боку, калі ўлады не ўлічваюць меркаванні Камітэту, то нібыта губляецца сэнс такіх зваротаў. Аднак афіцыйны бок запэўніў, што яны вывучаюць індывідуальныя звароты, па якіх прымаюцца рашэнні Камітэтам.
З іншага боку, Беларусь на дадзены момант у лідарах па колькасці зарэгістраваных зваротаў у свеце. Калі працягваць накіроўваць у КПЧ індывідуальныя звароты – гэта свайго роду актуалізацыя тых праблемаў з правамі чалавека, якія сёння існуюць у Беларусі.
Што праваабаронцы думаюць наконт склаўшайся сітуацыі?
Атрымліваецца, што Беларусь фактычна адмаўляецца ад супрацоўніцтва з Камітэтам ААН, і гэта азначае што сістэма, якую праваабаронцы тут спрабавалі выкарыстоўваць і выкарыстоўваюць – не эфектыўная.
Гэта тое, што патрабуе цяпер нейкага абмеркавання і асэнсавання. Наколькі эфектыўна пісаць у Камітэт шматлікія звароты?
І што на практыцы? На практыцы - нічога. Артыкул Канстытуцыі, які гарантуе нам права звяртацца ў міжнародныя органы ў выпадку парушэння нашых правоў, нівелюецца, бо атрымліваецца, што такое права нам гарантавана, але ўлады выконваць рашэнні гэтых самых міжнародных органаў не збіраюцца.
І зараз будуць дадзеныя рэкамендацыі Камітэта па правах чалавека ААН для Беларусі, і было б ідэальна, каб улады пры падрыхтоўцы межведамастнага плана па правах чалавека на наступны перыяд гэтыя рэкамендацыі ўлічылі. Калі рэкамендацыі ўсіх Камітэтаў, дзе Беларусь ужо прадставіла свой даклад, сабраць разам - атрымаецца праваабарончы парадак дня, бо яны адлюстроўваюць самыя актуальныя праблемы, што на сёння ёсць.
Але ці будзе гэта так? Праваабаронцы наўрад ці на ўлады як-небудзь паўплываюць. Урад адказны за рэалізацыю правоў чалавека ў краіне, і як яго прымусіць улічваць рэкамендацыі Камітэта і нешта з імі рабіць – цяжка зразумець. Застаецца толькі спадзявацца, што яны неяк усё ж будуць улічаныя.
У дадзенай сітуацыі ідэальна было б, каб быў нейкі рух кудысьці – каб рэкамендацыя нейкім чынам уладамі пымяняліся і імплементаваліся ў рэальнае жыццё. Пакуль што гэтага няма.
Нагадаем, 8-9 кастрычніка ў Женеве адбывалася 124-й сесія Камітэта ААН па правах чалавека, на якой афіцыйны ўрад і кааліцыя праваабарончых арганізацый прадставілі свае справаздачы. Упершыню за 20 гадоў афіцыйныя ўлады накіравалі справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў Камітэт правоў чалавека ААН. Задача ж, якую перад сабой ставіла кааліцыя праваабарончых арганізацый — даць сваё альтэрнатыўнае бачанне таго, што адбываецца ў сферы правоў чалавека ў Беларусі.
Крыніца: Валянцін Стэфановіч: Як прымусіць улады выконваць рэкамендацыі КПЧ – не зразумела