Дзевятага кастрычніка, праз тры судовыя паседжанні праваабаронцу са Светлагорска Алену Маслюкову пакаралі штрафам у памеры 25 базавых велічынь (612,50 рублёў). Суддзя раённага суда Руслан Царук палічыў Маслюкову арганізатаркай флэшмобу супраць працы завода беленай цэлюлозы і прызнаў яе вінаватай у парушэнні часткі 2 артыкула 23.34 КаАП (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).
За дзень да гэтага той жа суддзя па тым жа артыкуле пакараў штрафам грамадскага актывіста Анатоля Змітровіча.
Нагадаем, суд над Аленай Маслюковай і экалагічным актывістам Анатолем Змітровічам распачаўся 24 верасня. Іх звінавацілі ва ўдзеле ў флэшмобе супраць дзейнасці завода беленай цэлюлозы 15 верасня, палічыўшы што гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). Падчас працэсу суддзя Царук нечакана вырашыў выклікаць у суд сведак і перанёс паседжанне на 3 кастрычніка.
1 кастрычніка Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў распаўсюдзіла тэрміновы зварот, у якім заклікала зняць усе абвінавачванні супраць светлагорскіх актывістаў. У гэты ж дзень суд Светлагорскага раёна паведаміў, што справа аб адміністрацыйным правапарушэнні вернута ў Светлагорскі РАУС для ліквідацыі недахопаў. Але 3 кастрычніка супрацоўнік Светлагорскага РАУС Дзмітрый Шпак склаў новыя адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да Алены Маслюковай і Анатоля Змітровіча, ужо па частцы 2 артыкула 23.34 КаАП.
Крыніца: Праваабаронцу са Светлагорска аштрафавалі на 25 базавых велічынь