Пракуратура Мінскай вобласці адмяніла спрэчную пастанову ДАІ аб спыненні справы за наезд на актывістаў у Курапатах і адправіла матэрыялы на новы разгляд. Нагадаем, 25 жніўня, знаходзячыся ля ўвахода у рэстаранны комплекс “Поедем, поедим”, Валерый Рабцаў стаў сведкам фактычна наезда аўтамабіля “Фольксваген-Туарэг” на Ніну Багінскую і Яўгена Афнагеля, калі ён працягнуў актывістаў некалькі метраў на капоце. Валерый Рабцаў зафіксаваў інцыдэнт на відэа і ў хуткім часе звярнуўся з гэтым запісам у дзяржаўную аўтаінспекцыю з просьбай правесці праверку і прыцягнуць кіроўцу да адміністрацыйнай адказнасці.
Аднак у адказ ДАІ паведаміла, што па выніках праведзенай праверкі адміністрацыйная справа спыненая ў сувязі з адсутнасцю падзеі адміністрацыйнага правапарушэння. І з-за таго, што ў ДАІ не было дадзена ніякай ацэнкі прадстаўленаму відэазапісу, Валерый Рабцаў палічыў такі адказ незаконным і з дапамогай юрыстаў ПЦ “Вясна” звярнуўся ў абласную пракуратуру са скаргай, дзе выказаў нязгоду са спыненнем справы.
У выніку, прыняўшы да ўвагі відэазапіс наезду, пракуратура вырашыла адмяніць пастанову аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і накіраваць справу на новы разгляд у ДАІ Мінаблвыканкама.
Крыніца: Пракуратура адмяніла рашэнне ДАІ аб спыненні справы за наезд на актывістаў