Алена Маслюкова ў судзе. Фота: ПЦ "Вясна". Супрацоўнік Светлагорскага РАУС Дзмітрый Шпак 3 кастрычніка склаў новыя адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да праваабаронцы Алены Маслюковай і грамадскага актывіста Анатоля Змітровіча.

Па версіі міліцыі, паведамляе сайт naviny.by , яны з'яўляюцца арганізатарамі флэш-мобу супраць выкідаў новага завода беленай цэлюлозы. Мерапрыемства адбылося 15 верасня. На плошчы каля райвыканкама сабралася ад 150 да 200 чалавек. Удзельнікі флэш-мобу былі ў марлевых павязках і з зялёнымі паветранымі шарамі. У такой форме жыхары Светлагорска выказалі сваё стаўленне да выкідаў. Сабраліся людзі на плошчы з дапамогай сацыяльных сетак.

Першапачаткова міліцыя склала пратаколы на Маслюкову і Змітровіча як на ўдзельнікаў "несанкцыянаванага масавага мерапрыемства". Суд пачаў разглядаць справу, але затым адправіў пратаколы ў міліцыю на дапрацоўку. Ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) была перакваліфікавана на ч. 2 - арганізацыю.

«Пратаколы ў мяне і Змітровіча ідэнтычныя, толькі прозвішчы «парушальнікаў» розныя. У маім пратаколе напісана, што я ажыццяўляла публічныя заклікі на несанкцыянаванае пікетаванне праз сацыяльныя сеткі, арганізавала грамадзян, правяла «азначанае мерапрыемства», - паведаміла БелаПАН Маслюкова.

Яна падкрэсліла, што не з'яўлялася ні удзельнікам, ні арганізатарам «несанкцыянаванага пікетавання», а на плошчы знаходзілася як праваабаронца - сачыла за флешмобом.

«Ён, дарэчы, не падпадае пад вызначэнне ні мітынгу, ні шэсця, ні пікета. Не было транспарантаў, плакатаў, лозунгаў, ніхто не вылучаў ніякіх патрабаванняў», - падкрэсліла праваабаронца.

Арганізатарам флэш-мобу яна лічыць Светлагорскі райвыканкам - туды ініцыятыўная група падала шэраг заявак на мітынгі супраць кітайскага завода. Але чыноўнікі не дазволілі сабрацца жыхарам райцэнтра разам і выказацца з нагоды завода. На першую заяўку быў дадзены адказ, што адзіная ў горадзе пляцоўка, прызначаная для мітынгаў, занятая ў гэты дзень (15 верасня) БРСМ, які праводзіць свята «Уладар сяла». На другую заяўку - на 29 верасня, выканкам адказаў, што на стадыёне пройдзе лёгкаатлетычнае мерапрыемства "300 талентаў для Каралевы». На трэцюю заяўку быў атрыманы адказ, што на стадыёне 6 кастрычніка будзе футбол.

Ініцыятыўныя грамадзяне прасілі ўлады змяніць рашэнне райвыканкама аб адзінай у горадзе пляцоўцы для масавых мерапрыемстваў - стадыёне «Папернік» і выдзеліць для гэтых мэтаў іншыя пляцоўкі. Але райвыканкам даў адказ, што для змены рашэння няма падстаў.

"Усе гэтыя пратаколы, суды робяцца для таго, каб запалохаць, каб адцягнуць увагу ад асноўнай праблемы - шкодных выкідаў ЗБЦ! Шукаюць вінаватых, але не там, не ў тых месцах, дзе яны ёсць" - зазначае светлагорская праваабаронца.

Крыніца: Светлагорскія ўлады не здаюцца:праваабаронцу і актывіста чакае новы суд за флэшмоб