Фотакалаж ПЦ "Вясна". Кніга Зянона Пазьняка “Цяжкі Час. Канцэпцыя новага Беларускага Адраджэньня” на мінулых выходных карысталася "вялікай папулярнасцю” сярод беларускіх памежнікаў - праваабаронцам вядомы некалькі выпадкаў выняцця кніг і накіравання іх на экспертызу.

Актывістка з Менску Наталля Саматыя вярталася ў нядзелю з Украіны рэйсавым аўтобусам. Прайшла пашпартны кантроль на пераходзе “Новая Гута", дзе падчас мытнага дагляду асабістых рэчаў у яе забралі другі том кнігі Зянона Пазьняка “Цяжкі Час… ”, каб даследаваць на прадмет наяўнасці ў ёй прыкметаў экстрэмізму.

Наталля Саматыя. Фота: Радыё Свабода.
Наталля Саматыя. Фота: Радыё Свабода.

Трымалі на мытні амаль тры гадзіны, спачатку ў кабінетах , і да 24.00 на вуліцы, каб знайсці транспарт і адправіць дахаты. Склалі акты. Копіі гэтых дакументаў падалі. Тут пачула фразу ад больш высокага чыну, чым галоўны інспектар Аляксей Лесько, які займаўся афармленнем. Прыблізна так: “Сёньня такія выпадкі ўжо былі няраз. Наклад кнігі 1000 асобнікаў. Рыхтуйся. Усе яны скіруюцца да нас». Урэшце спынілі аўто на Менск. Маладыя хлопец з дзяўчынай ласкава падвезлі мяне да Уручча, выклікалі таксі. Дома была ў 5 раніцы.

Natalya Samotyya

Тым жа днём  на памежным пераходзе “Новая Гута" затрымалі грамадзкага актывіста з Мінску Віктара Кулака. Ён кіраваўся дадому на аўтамабілі пасля паездкі ў Чарнігаў. Актывіст распавёў “Радыё Свабода”  абставіны затрымання кнігі.

Віктар Кулак. Фота: pyx.by
Грамадскі актывіст Віктар Кулак. Фота: pyx.by

Падчас агляду аўтамабіля кнігай зацікавіўся мытнік, пагартаў і сышоў, а потым прыйшлі адразу 6 супрацоўнікаў мытні і памежнікаў.

«Яны забралі кнігу і пачалі на яе складаць розныя дакументы. У выніку мне ўручылі 3 паперы, сярод іх акт агляду кнігі і паведамленне аб забранні кнігі з накіраваннем яе на экспэртызу наконт прызнання экстрэмісцкай літаратурай. Дакументы падпісаў інспектар мытнай службы Аляксей Пакрэпа. Мне было сказана, што на экспэртызу пойдзе 20 дзён», — распавёў Віктар Кулак.

Дарэчы кніга Пазьняка «Цяжкі час» («Канцэпцыя новага беларускага Адраджэньня», частка 2) у 2015 годзе ўжо правяралі на «экстрэмізм», забраўшы на мяжы ў Паўла Севярынца. Прыкметаў экстрэмізму ў кнізе тады не знайшлі і вярнулі яе ўласніку.

Крыніца: Начное "паляванне” на Зянона: шукаюць экстрэмізм