Праваабаронца Алена Маслюкова. Фота з сацыяльных сетак. Суд Светлагорскага раёна ў панядзелак разглядае адміністрацыйныя справы праваабаронцы Алены Маслюковай і актывіста ініцыятыўнай групы па кантролю за працай завода беленай цэлюлозы (ЗБЦ) Анатоля Змітровіча.

20 верасня праваабаронцу Алену Маслюкову выклікалі ў мясцовы РАУС у якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс па артыкуле 23.34 КаАП (удзел ці арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).

Прычына такой цікавасці праваахоўных органаў да Маслюковай – нібыта яе ўдзел у мерапрыемстве супраць працы ў горадзе завода па вытворчасці беленай цэлюлозы, якое адбылося ў суботу 15 верасня. І хоць улады на гэты дзень запланавалі іншае мерапрыемства, людзі ўсё роўна сабраліся на цэнтральнай плошчы і правялі запланаваны флэшмоб супраць смярдзючых выкідаў з кітайскага заводу.

Флэшмоб у Светлагорску 15 верасня. Фота: Радыё Свабода.
Флэшмоб у Светлагорску 15 верасня. Фота: Радыё Свабода.

У РАУС супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Шпак склаў на Алену Маслюкову пратакол па ч 1. артыкула 23.34 – за тое, што яна “ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (флэшмобе)”. Праваабаронца з пратаколам не пагадзілася, бо лічыць, што флэшмоб не з’яўляецца масавым мерапрыемствам, а яе прысутнасць на плошчы не мусіць аўтаматычна трактавацца як яе ўдзел у ім. Такі ж пратакол складзены і на Анатоля Змітровіча.

Анатоль Змітровіч. Фота: Радыё Свабода.
Анатоль Змітровіч. Фота: Радыё Свабода.

Абедзьве адміністрацыйныя справы разглядае суддзя Руслан Царук. Суд над Анатолем Змітровічам прызначаны на 14-30, над Аленай Маслюковай на 15 гадзін.

Праваабаронцы "Вясны" будуць уважліва сачыць за адміністрацыйным працэсам над светлагорскімі актывістамі.

Нагадаем, што напярэдадні мерапрыемства Алену Маслюкову выклікаў на размову пракурор раёна А. Яўсеенка і папярэдзіў аб адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, палічыўшы, што Маслюкова можа быць арганізатарам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Крыніца: Суды над Маслюковай і Змітровічам за флэшмоб у Светлагорску