Каардынатарка ініцыятыўнай групы «Ідэнтычнасць і права» Наталля Манькоўская 20 верасня ў дыскусіі ў межах шаснаццатага рабочага пасяджэння Нарады па разглядзе выканання абавязацельстваў у галіне чалавечага вымярэння АБСЕ, прысвечанай барацьбе з расізмам, ксенафобіяй, нецярпімасцю і дыскрымінацыяй, выступіла каардынатарка праваабарончага напрамку ініцыятыўнай групы «Ідэнтычнасць і права» Наталля Манькоўская.

У сваім слове праваабаронца паказала, што ў Беларусі адсутнічае статыстыка аб злачынствах на глебе нянавісці да ЛГБТіК, а належнага расследавання такіх злачынстваў не адбываецца. Згодна з атрыманай ініцыятыўнай групай інфармацыі ў перыяд з 2012 па 2018 гг. адбылося больш за 100 інцыдэнтаў на глебе гома- і трансфобіі, і толькі 12 заяў было пададзена ў міліцыю. Вельмі часта ахвярам такіх злачынстваў адмаўляюць ва ўзбуджэнні крымінальных спраў па надуманых прычынах.

«Нават калі крымінальная справа расследаваная і накіраваная ў суд, матыў гома- або трансфобнай нянавісці звычайна не расследуецца і не ўлічваецца як абцяжваючая акалічнасць. Толькі аднойчы гамафобны напад быў прызнана беларускім судом злачынствам на глебе нянавісці, аднак з лютага 2016 года, калі гэта адбылося, такі падыход так і не стаў пачаткам устойлівай практыкі», - падкрэсліла Наталля Манькоўская.

Прагучалі і рэкамендацыі ад ініцыятыўнай групы «Ідэнтычнасць і права» для БДІПЧ АБСЕ:

- надаваць больш увагі тэме барацьбы са злачынствамі на глебе нянавісці да ЛГБТК;

і для Беларусі:

- увесці ў вучэбную праграму для праваахоўных органаў падыходы да расследавання злачынстваў на глебе нянавісці, уключаючы учыненыя па гома- і трансфобных матывах, а таксама правілы карэктнага абыходжання з ахвярамі;

- запытваць і выкарыстоўваць метадалагічную і іншую падтрымку з боку БДІПЧ АБСЕ ў барацьбе супраць злачынстваў на глебе нянавісці.

Крыніца: Наталля Манькоўская: "Нават калі справа накіраваная ў суд, матыў гамафобнай нянавісці звычайна не расследуецца" Відэа