На выходных у Мінску адбыліся два інцыдэнты, калі на спартыўных мерапрыемствах людзей затрымлівалі за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, а дакладней, за бел-чырвона-белы сцяг. Да гэтага часу ўлада спыняе ўсякае публічнае выкарыстанне нацыянальных сімвалаў Беларусі. У пратаколах затрымання ўтрымліваюцца абсурдныя фармулёўкі кшталту "бег з БЧБ-сцягам", "махаў БЧБ-сцягам" і інш. Калі ў такіх выпадках супрацоўнікам міліцыі не атрымоўваецца прыцягнуць чалавека да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, то ўсё сканчаецца трохгадзінным затрыманнем, у лепшым выпадку.
На Мінскім паўмарафоне супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўдзельніка Уладзя Сташкевіча за тое, што ён дыстанцыю прабег з бел-чырвона-белым сцягам. Яго затрымалі адразу пасля таго, як ён атрымаў медаль за прабежку на дыстанцыі 21,1 км, паведамляе tut.by.
— На фінішы, адразу пасля атрымання медалі, мяне ўзялі пад рукі людзі ў цывільным і праводзілі ў аўтазак, дзе дапытвалі ў раёне паўгадзіны. Асноўнае пытанне, які мне задавалі: «Навошта ты гэта зрабіў?». Шчыра кажучы, пытанне мяне здзівіла. Я растлумачыў, што ў паўмарафоне многія ўдзельнікі бягуць са сцягамі сваіх кампаній, спонсараў і краінаў, якія яны прадстаўляюць. Чаму я ў гадавіну стагоддзя Беларускай народнай рэспублікі не магу прабегчы з БЧБ-сцягам, які, як мне вядома, у нас у краіне не забаронены? — распавёў Уладзь Сташкевіч.
Затым бягуна павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе склалі два пратаколы — аб затрыманні і аб канфіскацыі. Прычынай затрымання было пазначана «бег з БЧБ-сцягам». У другім пратаколе ішла гаворка аб канфіскацыі сцяга.
Яму патлумачылі, што яшчэ трэба высветліць — ці маецца ў яго дзеяннях правапарушэнне.
Падобная сітуацыя адбылася 8 верасня на матчы Беларусь — Сан-Марына. У перапынку матчу супрацоўнікі АМАПу вывелі з фанацкай трыбуны, як мінімум, двух чалавек. Заўзятары выкарыстоўвалі нацыянальную сімволіку. Тыя ж БЧБ-сцягі. Яшчэ некалькі чалавек былі затрыманыя пасля гульні, піша naviny.by. ВК-група "Ультрас Беларусi" паведамляе пра пяць затрыманых. Прычынай затрымання называецца выкарыстанне бел-чырвона-белых сцягоў і піратэхнікі.
Праваабаронцы "Вясны" лічаць, што ў дадзеным выпадку мае месца парушэнні правоў на свабоду меркаванняў. Да гэтага часу яны ў Беларусі знаходзіцца пад пагрозай, і часта ўлады проста душаць права на свабоду меркаванняў.
«Сітуацыю, якая склалася з забаронай на выкарыстанне нацыянальнай сімволікі неабходна разглядаць у святле свабоды выказвання меркаванняў. Так, сапраўды ўлады час ад часу ладзяць паказальныя дзеянні, якія даюць усім зразумець, што гістарычны бел-чырвона-белы сцяг і гістарычны герб «Пагоня» з'яўляюцца як бы пад негалоснай забаронай. Гэта безумоўна не заснавана ні на нацыянальным законе, ні на нормах міжнароднага права. Уладзе неабходна змірыцца з тым, што ёсць частка грамадзян, якія хочуць выкарыстоўваць гэты сцяг і хочуць насіць яго на нейкіх мерапрыемствах. Безумоўна, яго выкарыстанне не забаронена. У такім выпадку гэта не павінна карацца ніякімі адміністрацыйнымі мерамі», - каментуе сітуацыю юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка.