Суд Браслаўскага раёна пакараў журналіста-фрылансер з Глыбокага Зміцера Лупача штрафам у памеры 36 базавых велічыняў (882 руб.), піша "Радыё Рацыя". Суддзя Аляксандр Вязіцкі прыцягнуў журналіста да адміністрацыйнай адказнасці за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат” па арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
На гэты раз у суд Змітра запрасілі тэлефонным званком і сказалі, што гэтага дастаткова. Як кажа незалежны журналіст Зміцер Лупач, былы кіраўнік Браслава Уладзімір Дранеўскі, які ўзгадваецца ў сюжэце, быў карупцыянерам і браў вялікі хабар. Але чамусьці караюць не яго, а журналістаў, якія пра гэта распавядаюць.
"Чаму 36? Я думаю, што, пэўна, усё ж таму, што базавая 24 з паловай, лягчэй лічыць без капеек. На сённяшні дзень гэта 882 рублі. Вядома, штрафы астранамічныя для звычайнага чалавека. За цялесныя і іншыя пашкоджанні даюць меншыя сумы. Такая палітыка. Тут як не выбудоўвай абарону, на нешта разлічваць вельмі цяжка. І я думаю, тое, што два разы быў перапынак, цалкам магчыма, што суддзя робіць званок сябру, кансультуецца што і як. Бо такія справы не робяцца проста так", - каментуе сітуацыю журналіст.
Нагадаем, сёлета Зміцер Лупач прыцягваецца да адказнасці па сумна вядомым артыкуле 22.9 КаАП ужо восьмы раз. У агульнай суме з пачатку года незалежнаму журналісту налічылі 259 базавых велічыняў (6 345,5 руб.) Цяпер яго судзілі за сюжэт пад назвай “Настаўнікаў саджаюць за кветкі, а карупцыянеры Лукашэнкі застаюцца беспакаранымі”. Як аказалася, яго выявілі браслаўскія міліцыянты на сайце belsat.eu падчас маніторынгу інтэрнэту.
Крыніца: Журналіста-фрылансера аштрафавалі восьмы раз сёлета за супрацу з "Белсатам"