У панядзелак, 3 верасня, лідэры незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік падалі апеляцыйныя скаргі на прысуд ад 24 жніўня 2018 г., якім іх прызналі вінаватымі па арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў). Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год.
“Лічым, што суд легалізаваў невядомую электронную скрыню, тым самым зрабіў прэцэдэнт, якога яшчэ не было ў Беларусі. Штучныя, так званыя, “доказы” супярэчаць не толькі заканадаўству Рэспублікі Беларусь, але і міжнароднаму заканадаўству. Таму ў скарзе мы просім спыніць гэтую крымінальную справу,” – каментуе “Вясне” сітацыю Генадзь Фядыніч.
Праваабарончая супольнасць Беларусі таксама заклікае перагледзець прысуд і спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка.
З заявамі аб неабхабоднасці адмены абвінаваўчага прысуда Фядынічу і Комліку выступаюць і міжнародныя арганізацыі. Так, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў лічыць, што дадзеныя дзеянні ўладаў парушаюць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека і сваю ўласную Канстытуцыю, і таму абвінаваўчы прысуд павінен быць адменены ў выніку апеляцыі.
На думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders пераслед прафсаюзных лідараў звязаны выключна з іх мірнай і законнай працай ў галіне абароны правоў чалавека. Таму ўлады Беларусі павінны неадкладна адмяніць прысуды супраць кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і цалкам аднавіць іх свабоду.