24-га жніўня старшыня гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалай Салянік абскардзіў рашэнне Кастрычніцкага суда Гародні які пакараў яго на 25 базавых велічынь. Вялікае абурэнне грамадска-палітычнага актывіста выклікала вядзенне судовага працэсу, дзе не задаволілі яго просьбу праглядзець відэа, якое Мікалай Салянік трактаваў як матэрыял, які цалкам апраўдвае яго.
Ёсць у кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі і прэтэнзіі да складання матэрыялаў міліцыяй.
"Гарадзенская Вясна" паведамляе, што суддзя Кастрычніцкага суда Гародні Гергель Таццяна не стала разглядаць фота і відэаматэрыялы затрымання Мікалая Саляніка невядомымі людзьмі ў цывільным. Гэтыя фота і відэаматэрыялы хацелі прадставіць суду журналісты і сведкі інцыдэнта для ўстанаўлення ісціны. Але яны так і не былі разгледжаныя судом. Відэаматэрыялы ж міліцыі некуды прапалі. Не захаваліся да суда. Суд у сваім рашэнні кіраваўся сведчаннямі міліцыянтаў. Сведкі з боку абвінавачваемага расказвалі зусім іншую гісторыю затрымання, чым міліцыянты. Аднак іх сведчанні, якія яны хацелі падмацаваць фота і відэаматэрыялямі, не аказалі ўплыву на судовае рашэнне. Мікалая Саляніка, кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП прызналі вінаватым у тым, што ён арганізаваў пікет у інтэрнеце і аказваў міліцыі непадпарадкаванне пры затрыманні ажно ў двух месцах гораду. У выніку яго аштрафавалі на 25 базавых велічынь.
Грамадска-палітычныя актывісты ў знак пратэсту супраць такога вядзення суда, які быў над Мікалаем Салянікам, выйшлі з залі.
Мікалая Саляніка разам з іншым актывістам АГП Аляксандрам Лаўрэнцьевым 3 ліпеня бягучага году гвалтоўна і брутальна затрымалі людзі ў цывільным каля дома, дзе жыве Лаўрэнцьеў. Актывісты хацелі ў паласатых турэмных робах зладзіць флэш-моб і паказаць як парушаюцца грамадзянскія канстытуцыйныя правы ў Беларусі. Мікалай Салянік мае інваліднасць другой групы, у яго хворае сэрца. Неўзабаве пасля гвалтоўнага затрымання ён быў дастаўлены ў шпіталь. Праз дзень актывіст дакументальна зафіксаваў збіццё супрацоўнікамі сілавых структур. Пасля гэтага разгляд адміністрацыйнай справы быў адкладзены.
Крыніца: Мікалай Салянік абскардзіў рашэнне суда першай інстанцыі