Асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Магілёва Ігар Гершанкоў скончыў пратэставаць супраць парушэння права на перапіску ў СІЗА №1 г. Мінска.
Па інфармацыі mspring.online, адзін з так званых “чорных рыэлтараў” Ігар Гершанкоў, які чакае расстрэлу ў мінскім следчым ізалятары №1, спыніў галадоўку.
Пра гэта распавяла яго маці Людміла Гершанкова, якая атрымала ад сына ліст:
– Наколькі я зразумела, ён скончыў галадоўку, калі атрымаў пасля двух месяцаў чакання адказ з Генеральнай пракуратуры на сваю скаргу аб катаваннях падчас следства па сваёй справе. Цяпер ён яшчэ чакае адказ на скаргу ад Дэпартамента выканання пакаранняў,- распавяла Гершанкова.
Ігар Гершанков абвясціў галадоўку 27 чэрвеня. Прычынай стала тое, што яго лісты і скаргі з СІЗА №1 не прапускалі. Ён і яго маці расцанілі гэта як спробу ціску на вязня. Сам Гершанкоў таксама не атрымліваў лісты – у тым ліку адказ з Генеральнай пракуратуры, якога яму давялося чакаць два месяцы. Па словах маці, калі карэспандэнцыя стала паступаць, ён вырашыў, што дамогся сваёй мэты, і спыніў галадоўку.
Магілёўца Ігара Гершанкова і яго змоўшчыка Сямёна Беражнога асудзілі на смяротнае пакаранне па справе так званых «чорных рыэлтараў» у ліпені 2017 года. Яшчэ двое фігурантаў – Таццяна Гершанкова і Барыс Калеснікаў – атрымалі 24 і 22 гады зняволення адпаведна.
Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.