Марына Багданава, маці памерлага ў СІЗА зняволенага Алега Багданава, атрымала адказы на свае скаргі з Генеральнай пракуратуры і Пракуратуры па Мінскай вобласці.
Так, Генеральнай пракуратурай было ўстаноўлена, што папярэднія звароты жанчыны былі разгледжаныя Следчым камітэтам не ў адпаведнасці з патрабаваннямі арт. 174 КПК ("Рашэнні, што прымаюцца па заявах або паведамленнях аб злачынстве"), а згодна з Законам “Аб звароце грамадзянаў і юрыдычных асобаў”. І Следчы камітэт нібыта прыняў абгрунтаванае рашэнне аб адсутнасці падставаў для правядзення праверкі ў парадку арт. 174 КПК, так як маці памерлага не прадставіла якія-небудзь звесткі ці аб’ектыўныя дадзеныя, якія ўказвалі б на наяўнасць у дзеяннях былога следчага Жодзінскага ГАСК П. Хоміча, што праводзіў даследчую праверку па факце смерці яе сына, прыкметаў злачынства.
“Больш за тое, Вам паведамлялася пра праведзеную УСК па Мінскай вобласці службовую праверку, па выніках якой у адносінах да следчага П. Хоміча, начальніка Жодінскага ГАСК М.Кузняцова і начальніка 2га следчага аддзелу А. Жукоўскага прымененыя меры матэрыяльнага ўздзеяння”, - падкрэсліваецца ў адказе.
Начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры І. Сеўрук адзначае, што ў ходзе разгляду звароту жанчыны парушэнняў з боку службовых асобаў Следчага камітэта не ўстаноўлена, і прапануе маці памерлага абскардзіць адказ цэнтральнага апарата СК у суд.
У сваю чаргу пракурор па Мінскай вобласці Алег Лаўрухін разглядзеў скаргу Марыны Багдаванавай пра нязгоду з рашэннем аб спыненні папярэдняга расследвання па крымінальнай справе, узбуджанай па факце неналежнага выканання медыцынскімі работнікамі ўстановы "СІЗА №1" і ВУ "Турма №8" сваіх прафесійных абавязкаў, якія пацягнулі смерць Алега Багданава.
У сваім адказе ён паведаміў жанчыне, што праведзенай раней пракуратурай вобласці праверкай не ўстаноўлена падставаў для аднаўлення папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, а дадатковым вывучэннем матэрыялаў крымінальнай справы ўстаноўлена, што органам папярэдняга следства абставіны крымінальнай справы былі даследаваныя ўсебакова, поўна і аб’ектыўна, а таму не маецца падстаў для правядзення названых у звароце следчых і іншых працэсуальных дзеянняў (дадатковых допытаў сведак, вочных ставак, следчага эксперыменту, выпатрабавання дакументаў).
“Вашае меркаванне пра надыход смерці Алега Багданава не 29 студзеня 2016 года, а ў іншы дзень, з'яўляецца неабгрунтаваным і абвяргаецца сукупнасцю правераных у ходзе следства доказаў: паказаннямі сведак, заключэннямі эксперта, пратаколамі следчых дзеянняў, іншымі дакументамі”, - адзначае Алег Лаўрухін і лічыць, што рашэнне аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, прынятае 12 красавіка следчым А. Канцавым, з'яўляецца законным і абгрунтаваным, а падстаў для яго адмены і прыняцця мераў пракурорскага рэагавання няма.
Аднак Марына Багданава не згодная з такімі адказамі пракуратураў, бо ні на адно канкрэтнае пытанне, якія яна задае вось ужо два з паловай гады, так ніхто і не адказаў. Яна дасканальна вывучала адказы розных ведамстваў і ўпэўненая, што Алег Багданаў памёр не 29 студзеня, а 28га.
“Паказанні службовых асобаў разыходзяцца, не ўлічваюцца паказанні іншых зняволеных. Так, хлопцы, з якімі мой сын знаходзіўся ў адным памяшканні, казалі, што яму раніцай было дрэнна і ён не мог ўстаць, калі прыйшла ахова і патрабавала гэтага, бо у яго анямелі рукі і ногі. Пасля чаго Алега змясцілі ў "стакан", дзе ён стаяў з шасці раніцы да двух гадзін дня.
Яго не мелі права змяшчаць у адзіночную камеру, не прадастаўляць лекі і адмаўляць у медыцынскай дапамозе.
Я хачу ведаць, чаму мой сын ляжыць у магіле? Чаму ён паміраў такой страшнай нечалавечай смерцю? І буду дамагацца, каб мне адказалі хоць бы на адно маё пытанне”, - кажа маці памерлага.
Нагадаем, Алег Багданаў памёр у ВУ «Турма №8» г. Жодзіна 29 студзеня 2016 г. ад вострай сардэчнай недастатковасці. У 2014 годзе перанёс цяжкую аперацыю на сэрцы, з'яўляўся інвалідам 3-ці групы і меў патрэбу ў пастаяннай кваліфікаванай медыцынскай дапамозе, назіранні ўрача-кардыёлага. Маці лічыць, што сыну ў СІЗА не аказалі належнай медыцынскай дапамогі.
Крыніца: Марына Багданава: "Я хачу ведаць, чаму мой сын ляжыць у магіле?"