15 жніўня ў Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі Дзмітрыя Бекалюка і Алега Ярмоленкі - актывістаў, якія ранеё былі асуджаны за збор подпісаў за адстаўку мясцовых старшыняў выканкамаў, паведамляе "Берасцейская Вясна". 24 чэрвеня мужчыны збіралі подпісы ў раёне Калгаснага рынку ў Брэсце, знаходзячыся ў метрах ста адзін ад аднаго. Пасля дваццаці хвілін збору да іх прыехалі супрацоўнікі міліцыі на чале з намеснікам начальніка Ленінскага РАУС Брэста Мікалаем Самасюком. Дзмітрыя Бекалюка і Алега Ермоленка затрымалі і адвезлі ў Ленінскі РАУС для разбіральніцтва.

Разбіральніцтва скончылася судом, а судзілі зборшчыкаў подпісаў Пётр Баброўскі, старшыня суда Ленинскага раёну Брэста, і Святаслаў Каліна. Яны прызналі берасцейцаў вінаватымі па ч. 1 арт. 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і прысудзілі ім як першаходам па 20 базавых велiчынь штрафу.

Хацелася б асабліва адзначыць, што сведкi-міліцыянты паказалі, што ніякіх заклікаў і іншага, што напаўняе дзеянні складам адміністрацыйнага правапарушэння, ад Бекалюка і Ярмоленка яны не чулі.

У абласным судзе скаргу Дзмітрыя Бекалюка на гэтая рашэнне разгледзела вядомая ў горадзе сваімі “блiцпаседжаннямi” Руслана Сянько. Яна пакінула ў сіле пастанову Пятра Баброўскага і хутка сыйшла з залы, забыўшыся абвясціць, што судовае пасяджэнне закрыта.

Суддзя абласнога суда Руслана Сянько. Фота:
Суддзя абласнога суда Руслана Сянько. Фота: "Берасцейская Вясна"

Іншая суддзя абласнога суда Нiна Герасімук паводзіла сябе на судзе Алега Ярмоленкі зусім інакш. Не спяшаючыся, яна так уважліва і з такой удумлівасцю слухала Алега і яго адваката, з такiм разуменнем ківала галавой, што магло нават падацца, што рашэнне ніжэйшай інстанцыі можа быць адменена. Да таго ж, яна зрабіла вялікі перапынак перад вынясеннем пастановы.

Суддзя абласнога суда Нiна Герасімук. Фота:
Суддзя абласнога суда Нiна Герасімук. Фота: "Берасцейская Вясна"

Аднак чуду не адбылося, і пастанову суддзі Каліны Ніна Герасімук пакінула ў сіле.

Дзмітрый Бекалюк і Алег Ермоленка будуць абскарджваць рашэнні абласнога суда ў вышэйшай інстанцыі.

Крыніца: Брэсцкі абласны суд не ўбачыу розніцу паміж зборам подпісаў і масавым мерапрыемствам