Журналістка-фрылансерка з Бярозы Тамара Шчапёткіна атрымала ў жніўні ўжо чацвёрты пратакол, на гэты раз з Баранавіцкага РАУС, паведамляе "Радыё Рацыя".
Пратакол складзены ўчастковым капітанам Андрэем Вахітавым. Пратакол, паведамленне аб разглядзе адміністрацыйнай справы ў Баранавіцкім судзе раніцай 17 жніўня, правы і абавязкі асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс, дасланы 16-га жніўня звычайным лістом.
З пратаколам журналістку папярэдне не азнаёмілі. Ён не чытэльны, не падпісаны Шчапёткінай. З напісана ў пратаколе можна разабраць толькі тое, што справа вядзецца па арт. 22.9, ч. 2. (незаконны выбар і распаўсюд прадукцыі СМІ, ці дзейнасць без акрэдытацыі).
Да таго ж, у пратаколе пазначаны два сведі - Рубейка і Падгайскі. Мікалай Падгайскі - старшыня Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы. Ён сцвярджае, што яго прозвішча запісана ў пратаколе фармальна, без яго непасрэднай згоды.
"Хочуць мяне прадставіць у якасці сведкі таго, чаго я не бачыў. Я сказаў, што такі пратакол я падпісваць не буду. Як я магу падпісваць тое, чаго я не бачыў, як я такое магу падпісаць і яшчэ сведчыць супраць свайго сябра таварыства".
Паводле самой Тамары Шчапёткінай, апошнім часам на яе пачалі сскладаць пратаколы, парушаючы ўсялякія працэсуальныя нормы. З аднаго боку, ад таго, што міліцыя займаецца не сваёй справай, а з другога боку, ведаюць, што пакаранне набыло аўтаматычны характар.
Крыніца: Журналістка-фрылансерка Тамара Шчапёткіна атрымала чацвёрты пратакол за жнівень