Скаргі і звароты маці асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Магілёва Ігара Гершанкова, а таксама шырокі інфармацыйны розгалас, паўплывалі на сітуацыю з перапіскай Гершанкова з роднымі і камунікацыю з дзяржаўнымі ўстановамі, куды ён таксама дасылаў лісты. Менавіта з-за парушэння права зняволенага на перапіску Гершанкоў вымушаны быў абвясціць галадоўку ў камеры смяротнікаў следчага ізалятара №1 Мінска.
У лісце бацькам датаваным 9 жніўня Ігар паведамляе: “Вашыя лісты за 27 ліпеня, 30 ліпеня, 3 жніўня я атрымаў…”
Гершанкоў таксама апісвае некаторыя акалічнасці сваёй працяглай ( з 27 чэрвеня) галадоўкі:
“З серады 8 жніўня кропельніцу мне не ставяць, аналізы сталі лепшымі. Я проста пачаў піць гарбату з цукрам і кісель, а ежу не бяру, па-ранейшаму на галадоўцы”.
Ён піша бацькам пра адказ Магілёўскай пракуратуры, якая праводзіла праверку па скарзе на збіццё і катаванні [пад час следства. Рэд.]:
“Паведамляюць: довады аб тым, што вас збівалі з’яўляюцца неабгрунтаванымі. Усе мае просьбы, у тым ліку і па экспертызе, правераныя не былі. Карацей – адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па выкладзеных мною абставінах. І гэта пры тым, што факт збіцця адлюстраваны ў дакументах, у заключэнні судова-медыцынскай экспертызы ад 29 красавіка 2015 года. Абсурд? Гэты “адказ” Магілёўскай пракуратуры мне зараз неабходна абскардзіць у судзе, толькі трэба дачакацца адваката…”
Маці Ігара Людміла Гершанкова нядаўна атрымала адказ на сваю заяву, якая тычылася стану здароўя сына, ад кіраўніцтва Следчага ізалятара №1.
“Ваш сын знаходзіцца пад дынамічным назіраннем супрацоўнікаў медыцынскай часткі установы з дыягназам: “установачныя паводзіны, дабраахвотная адмова ад прыёму ежы”. Гершанкоў І. штодзённа аглядаецца дактарамі медчасткі, кожны тыдзень робіцца ўзважванне, робяцца агульныя аналізы крыві і мачы. З Вашым сынам прпаводзяцца псіхакарэктуючыя гутаркі з растлумачэннем наступстваў адмовы ад прыёму ежы…
4 жніўня яму прызначана дэзінтэксікацыённая тэрапія, парэнтэральнае харчаванне, праводзімае шляхам унутрывенных інфузій (раствор глюкозы, фізіялагічны раствор, раствор Рынгела і раствор гепавіла). Лячэнне патлумачана сыну і праводзіцца з ягонай згоды”, – паведамляе Людміле Адамаўне начальнік СІЗА №1 Андрэй Цэдрык. –За час утрымання ва ўстанове ў перыяд з 25 лістапада 2017 года і па цяперашні час фізічная сіла да асуджанага Гершанкова І. не прымянялася. Ён не дапускае парушэнняў устаноўленага рэжыма ўтрымання і правілаў распарадку, а таму падстаў для накладання на яго спагнанняў не маецца.."
Каментуючы адказ Андрэя Цэдрыка Людміла Адамаўна адзначае “Начальнік гладка сцеле, ды жорстка спаць”.
“На самой справе, – кажа жанчына, – ніякай дабраахвотнасці няма, кропельніцы як ставілі пад прымусам, так і ставяць дагэтуль”.
На зварот маці, у якім яна выказвала нязгоду з вынікамі разгляду крымінальнай справы сына, адказаў і Вярхоўны Суд. У лісце, датаваным 24 ліпеня, паведамляецца, што “праверка правільнасці ўстанаўлення фактычных абставінаў крымінальнай справы і прымянення пры яе разглядзе норм Крымінальна-працэсуальнага кодэкса можа быць здзейснена Вярхоўным Судом пры ўмове захавання парадку абскарджавання. Перагляд уступіўшых у законную сілу судовых пастаноў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі арт 42 КПК… Законнасць і абгрунтаванасць пастаноўленага ў адносінах Гаршанкова І. прысуду ад 21 ліпеня 2017 года правераны Вярхоўным Судом у парадку нагляду. Пра матывы па якіх яму было адмоўлена ў задавальненні скаргі і ўнясенне пратэсту яму было паведамлена ва ўстаноўленым законам парадку”.
Таксама ў сваім адказе Вярхоўны Суд нагадвае, што Ігар Гершанкоў, альбо ягоны адвакат, можна падаць наглядную скаргу ў органы пракуратуры, якія таксама надзеленыя правам вынясення пратэсту на ўступіўшыя ў законную сілу судовыя пастановы.
Людміла Гершанкова проста абураная такой адпіскай:
"Як жа так! Менавіта з-за таго, што Генеральная пракуратура цягам 2 месяцаў не адказвала на скаргу сына, ён 27 чэрвеня вымушаны быў абвесціць галадоўку. А Вярхоўны суд, як быццам там нічога не ведаюць, раіць звярнуцца ў органы пракуратуры”.
Па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня Сямён Беражной, а таксама муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.
Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды: Ігару Гершанкову – вышэйшая мера пакарання - растрэл; Сямёну Беражнову – вышэйшая мера пакарання - растрэл; Таццяне Гершанковай – 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці; Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
20 снежня 2017 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў»: Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня пакінуць у сіле, а скаргі без задавальнення.
Камітэт ААН па правах чалавека 13 ліпеня 2018 года пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага зварота Ігара Гершанкова. Усувязі з гэтым павінны быць прынятыя часовыя меры аб прыпыненні выканання смяротнага пакарання да таго часу, пакуль Камітэт будзе разглядаць зварот.
Крыніца: Начальнік СІЗА №1: “Фізічная сіла да асуджанага не прымянялася, кропельніцы прымае добраахвотна”.