Упраўленьне ДАІ УУС Менаблвыканкаму 14 жніўня аштрафавала на 3 базавыя велічыні адказнага сакратара КХП-БНФ, кіраўніка грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты Алеся Чахольскага за стварэньне аварыйнай сытуацыі ля рэстарацыі «Поедим поедим» у Курапатах. Падрабязнасці на Радыё Свабода.
Паводле ДАІ, Чахольскі 17 чэрвеня рухаўся пешшу па праежджай частцы дарогі ля рэстарацыі «Поедим поедим». Сваімі дзеяньнямі ён «стварыў перашкоду руху аўтамабілю», кіроўца экстранна затармазіў і зьмяніў накірунак руху. Гэта стварыла аварыйную абстаноўку, запісана ў пратаколе.
Марка і нумар аўто ў пастанове ДАІ не называецца. Алесь Чахольскі сказаў Свабодзе, што гаворка ідзе пра Nissan, за стырном якога быў Віталь Акуліч.
Чахольскі кажа, што ў гэты час выйшаў з Міхасём Бураком у прыбіральню АЗС-75 на 51 кілямэтры МКАД і падышоў да «Поедим поедим», калі Nissan там ужо стаяў. Пасьля інспэктар ДАІ Віктар Кунтыш склаў на Чахольскага пратакол. Момант вяртаньня абаронцаў з АЗС зьняў абаронца Віталь Занька і супрацоўнік у цывільным.
Інспэктар ДАІ Віктар Кунтыш ад камэнтару Свабодзе адмовіўся і параіў зьвярнуцца ў аддзел агітацыі УУС Менгарвыканкаму. Апэратыўны адказ у ведамстве атрымаць не ўдалося.
Запісы з камэраў да справы не далучылі
20 чэрвеня Чахольскі напісаў заяву ў абласную пракуратуру, дзе прасіў:
"Зьняць запісы з камэраў назіраньня АЗС-75 і рэстарацыі «Поедим поедим», прыцягнуць да адказнасьці за паклёп кіроўцу Nissan, разглядзець паводзіны інспэктара ДАІ, які «штурхаў» абаронцу ў машыну, а таксама высьветліць асобы «правакатараў», якія прысутнічалі падчас складаньня пратаколу".
У адказе пракуратуры напісана, што парадак абскарджаньня складаньня адміністрацыйнага пратаколу заканадаўствам не прадугледжаны.
Паводле Чахольскага, на рашэньне упраўленьня ДАІ УУС Менаблвыканкаму не далучыла да справы запісы з камэраў назіраньня, бо яны захоўваюцца толькі месяц.
Крыніца: Абаронцу Курапатаў аштрафавалі, бо «кідаўся пад колы». Але яго там не было