Суд Партызанскага раёна Мінска раніцай 13 жніўня разгледзіць скаргу карэспандэнта «Нямецкай хвалі» Паўла Быкоўскага на яго затрыманне, якую падаў адвакат. Журналіст лічыць затрыманне незаконным і неабгрунтаваным.
«На жаль, працэс пройдзе ў закрытым рэжыме», - паведаміў Быкоўскі ў Фэйсбуку.
Як паведамляе БелаПАН, журналіст і медыяаналітык Паўлюк Быкоўскі быў затрыманы 8 жніўня на 72 гадзіны ў рамках «справы БелТА». Перад гэтым у яго кватэры быў праведзены ператрус з канфіскацыяй электронных носьбітаў інфармацыі і банкаўскіх карт, у тым ліку якія належаць жонцы-журналістцы і дачцэ-школьніцы. 10 жніўня Быкоўскі быў адпушчаны пасля допыту ў Следчым камітэце, які вядзе справу.
Быкоўскі застаецца ў статусе падазраванага, абвінавачванне супраць яго не вылучалі. Журналіст даў падпіску пра неразгалошванне матэрыялаў справы.
Яго жонка Вольга заявіла 10 жніўня, што будзе рыхтаваць скаргу на адабранне ў яе і дочкі тэхнікі і банкаўскіх карт, перадае БелаПАН.
Крыніца: Паўлюк Быкоўскі ідзе ў суд