Заява Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства ў сувязі з хваляй ператрусаў у рэдакцыях сродкаў масавай інфармацыі і затрыманняў журналістаў.

7 жніўня 2018 г. Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіў інфармацыю аб узбуджэньні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды). За мінулыя два дні ператрусам былі падвергнуты офісы цэлага шэрагу беларускіх СМІ: БелаПАН, Tut.by, газеты «Культура», Realt.by.   Дзесяткі журналістаў дапытаныя ў Следчым камітэце, у цэлага шэрагу з іх дома ажыццёўлены ператрусы і адабраная кампутарная тэхніка. Па стане на вечар 8 жніўня журналісты Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак, Паўлюк Быкоўскі і Аляксей Жукаў затрыманыя на тэрмін 3 сутак.   Мы, арганізацыі-ўдзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, цалкам салідарныя з раней апублікаваный Заявай ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Праваабарончага цэнтра "Вясна", Беларускага ПЭН-цэнтра і ПУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю" і таксама лічым апошнія падзеі грубым парушэннем свабоды выказвання і дзейнасці СМІ. Характар дзеянняў праваахоўных органаў носіць відавочна празмерны характар адносна выстаўляемых абвінавачванняў. Затрыманне на 3 сутак журналістаў, якія не ўяўляюць грамадскай небяспекі, з'яўляецца залішняй следчай мерай. Асаблівую трывогу выклікае пачаўшаяся ў дзяржаўных СМІ кампанія па ачарненні рэпутацыі СМІ і журналістаў, у дачыненні да якіх праводзіцца следства, у тым ліку з дэманстрацыяй нібыта матэрыялаў следства, што з'яўляецца недапушчальным для любой краіны, якая паважае прэзумпцыю невінаватасці і вяршэнства права. Расследаванне крымінальных спраў не павінна ўплываць на свабоду журналістаў і прафесійную дзейнасць СМІ.   Тым большую заклапочанасць характар вядзення следства выклікае на фоне сістэматычных парушэнняў права на распаўсюд інфармацыі і запалохвання журналістаў праз пераслед заснавальніка БелаПАН Аляксандра Ліпая і цэлага шэрагу журналістаў тэлеканала «Белсат».   Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых журналістаў. Таксама заклікаем міжнародную грамадскасць, прафесійныя журналісцкія і праваабарончыя асацыяцыі, а таксама дыпламатаў і палітыкаў звярнуць увагу на дадзеную сітуацыю, даць ёй адпаведную ацэнку і падтрымаць дзеянні па абароне свабоды слова ў нашай краіне.

***

Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства заснавана ў ліпені 2010 года, аб'ядноўвае на аснове пра-еўрапейскіх каштоўнасцяў больш за 80 арганізацый і ініцыятыў розных сфер дзейнасці.

Крыніца: «Заклікаем улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых журналістаў”