На журналістку-фрылансера Тамару Шчапёткіну з Бярозы заведзена новая адміністрацыйная справа за працу без акрэдытацыі на замежнае Беларускае Радыё Рацыя. Пра гэта ёй паведаміў супрацоўнік Баранавіцкага РАУС.
Як паведамляе Радыё Рацыя, раніцай 9-га жніўня Шчапёткіна павінна з’явіцца ў аддзел на допыт. Але Шчапёткіна адмовілася і сказала перадаць пратакол у Бярозаўскі аддзел міліцыі.
Кажа Тамара Шчапёткіна:
– Прыкладна дзесьці ў 15 гадзін да мяне патэлефанаваў супрацоўнік Баранавіцкай міліцыі, прадставіўся і сказаў, што я мушу прыйсці раніцай у аддзел. Справа тычыцца экскурсіі, на якую я была запрошана як сябра ТБМ па “Залатым коле Баранавіцкага раёна”. Угледзелі матэрыял пра гэту экскурсію на сайце Радыё Рацыя. І што гэта менавіта мой матэрыял.
Паводле журналісткі, гэта ўжо 4-ы пратакол з 16 ліпеня. Ва ўсіх пратаколах адно абвінавачванне – праца без акрэдытацыі на замежнае Беларускае Радыё Рацыя.
Судом Бярозаўскага раёна 3 жніўня яна пакарана штрафам 25 велічынь па першых двух пратаколах. Рашэнне журналістка будзе абскарджваць.
Крыніца: Змрочны канвеер: На Шчапёткіну заведзена новая адміністрацыйная справа