Госьць «Інтэрвію тыдня» — старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі. Ён нагадвае, што беларускія ўлады заўсёды змагаліся зь незалежнымі СМІ, заяўляе, што калі набліжаюцца выбарчыя кампаніі, улады забываюць пра лібэралізацыю і на першае месца выходзяць спэцслужбы, а таксама адказвае на пытаньне Радыё Свабода, ці нагадвае «справа РЭПа» «справу Бяляцкага».
Мы сутыкаемся зь беспрэцэдэнтнымі, арганізаванымі рэпрэсіямі супраць журналістаў, якія працуюць у незалежных СМІ
— Чым выкліканыя затрыманьні журналістаў за «несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі»? Гэта нейкі асобны выпадак альбо гэта кладзецца ў пэўную агульнапалітычную лінію, каляіну? У чым яна выражаецца?
— Уладальнік Tut.by Юры Зісер выказаўся з гэтай нагоды вельмі асьцярожна, заявіўшы, што гэта ня справа супраць усяго Tut.by, а супраць канкрэтных журналістаў. Я зь ім катэгарычны ня згодны. Можа, гэта ягонае тактычнае выказваньне, нежаданьне «распальваць» сытуацыю. Але, мне падаецца, яна і так вельмі распаленая. Мы сутыкаемся зь беспрэцэдэнтнымі, арганізаванымі рэпрэсіямі супраць журналістаў, якія працуюць у незалежных СМІ.
Такога не было даўно. Прыходзяць на памяць старыя часы, перасьлед рэдактара газэты «Рабочы» Віктара Івашкевіча, перасьлед галоўнага рэдактара і супрацоўніка газэты «Пагоня» Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, якія скончыліся тады рэальнымі судамі і прысудам, абмежаваньнем волі. Наступнае, што прыходзіць на памяць, — перасьлед газэты «Згода» і зьняволеньне журналіста гэтага выданьня спадара Зьдзьвіжкова.
Усе гэтыя справы заканчваліся разгромам СМІ і закрыцьцём гэтых газэт і падымалі плянку асьцярожнасьці сярод незалежных журналістаў. Цяпер мы бачым штосьці падобнае — затрымалі тых журналістак, якія пішуць на грамадзка-палітычныя тэмы, адсочваюць гэтыя працэсы, даюць нейкі аналіз, бяруць камэнтары ў палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, пішуць на гарачыя тэмы. Можна ўявіць сабе псыхалягічны стан іх і іхніх сваякоў.
Так што я лічу, што гэта разьлічаны і сплянаваны ўдар па незалежных СМІ і канкрэтных журналістах, якія ў іх працуюць.
Калі набліжаюцца выбары, улады забываюць пра лібэралізацыю, на першае месца выходзяць спэцслужбы
— Вы нагадалі гісторыю, тое, што рэпрэсіі супраць незалежнай прэсы заўсёды былі ўласьцівыя ўладам Беларусі. Але ў гэтым працэсе былі нейкія паўзы. А апошнімі днямі мы відавочна бачым абвастрэньне. Чым гэта выклікана?
— Як мне бачыцца, пачынаецца кананада, падрыхтоўчы этап да дзьвюх сур’ёзных палітычных кампаній — парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў 2019–20 годзе. Паводле такой самай схемы ўлады перасьледавалі журналістаў і раней. Узгаданыя мной выпадкі былі акурат перад выбарамі. Гэта сыгналы, якія ўлады дасылаюць перад выбарамі ўсяму незалежнаму грамадзтву, празь незалежных журналістаў яны спрабуюць абмежаваць інфармацыйнае поле.
— Выбары 2010 году праходзілі адносна іншых кампаній у даволі лібэральным стылі. І некаторыя спадзяваліся, што цяпер улада даволі сур’ёзна ўзяла курс на «лібэралізацыю». Але апошнія паўгода-год відавочна паказваюць, што слова «лібэралізацыя» ўжо недарэчна ўжываць.
— Калі надыходзяць выбары, улады забываюць пра лібэралізацыю, на першае месца выходзяць спэцслужбы. Мне бачыцца тут выразны распрацаваны сцэнар, які выконваецца паводле клішэ спэцслужбаў. Артыкул, па якім абвінавачваюць журналістаў, даволі недарэчны — і ён вырашаецца такім чынам, праз масавыя ператрусы і канфіскацыю тэхнікі. Плюс іх зьмяшчэньне пад варту на некалькі дзён, пакуль яны знаходзяцца ў стане падазраваных — гэта беспрэцэдэнтныя крокі маральнага і псыхалягічнага ціску на ўсё журналісцкае асяродзьдзе.
Гэта частка агульнага пляну на абмежаваньне грамадзкіх і палітычных свабодаў (у прыватнасьці, свабоды распаўсюджваць інфармацыю), які беларускія ўлады запусьцілі ў дзеяньне ў гэты перадвыбарчы этап. Безумоўна, гэтыя дзеяньні моцна разыходзяцца з тымі словамі і развагамі, якія мы чуем ад МЗС. На першае месца выходзяць сілавікі. Нічога дзіўнага я ў гэтым ня бачу, гэтая карціна паўтараецца кожны раз перад нейкімі сур’ёзнымі кампаніямі ў Беларусі.
Улада ўспрымае грамадзянскую супольнасьць як штосьці варожае
— Вы даволі часта ходзіце на паседжаньні суду па справе лідэраў прафсаюзу РЭП, якіх абвінавачваюць у нясплаце падаткаў. Гэты суд нагадвае вам «справу Бяляцкага»?
— Пэўна, што так. Яна вельмі падобная ідэалягічна, бо і няўрадавыя арганізацыі, і незалежныя прафсаюзы аднолькава вымушаныя працаваць у вельмі неспрыяльных умовах у Беларусі. Спэцслужбы спрабуюць усялякімі незаконнымі мэтадамі здабыць інфармацыю пра дзейнасьць няўрадавых арганізацый, прафсаюзаў, журналістаў і выкарыстаць гэтую інфармацыю для абмежаваньня нашай актыўнасьці.
Галоўнае ў тым, што ўлада ўспрымае грамадзянскую супольнасьць як штосьці варожае, штосьці такое, што трэба кантраляваць, інфільтраваць агентамі, ізаляванае ад грамадзтва. І калі ва ўладаў канчаецца цярпеньне, ці калі яны вырашаюць, што для іх ёсьць пагроза — тады наступаюць такія рэпрэсіўныя крокі.
Была спроба зьвязаць прафсаюзы з дармаедзкімі пратэстамі, паказаць, што менавіта яны матор гэтай актыўнасьці, — і гэта працоўная іхняя вэрсія, якая, дарэчы, у свой час гучала і ў нашай справе, калі «Вясну» абвінавачвалі ў фінансаваньні палітычнай апазыцыі. Яны ўспрынялі незалежныя прафсаюзы як цэнтар дэмакратычнай апазыцыі і вырашылі яго пагасіць. Галоўная мэта гэтай справы — нанесьці ўдар па незалежным прафсаюзным руху Беларусі.
— Чаму Менск не баіцца рабіць такія крокі, далёкія ад абвешчанай «лібэралізацыі»? Няўжо беларускія ўлады лічаць, што Захад прапусьціць гэта міма вачэй, што Захад ужо дзейнічае выключна ў рамках «рэалпалітык», а каштоўнасьці адыходзяць на другі плян? Ці варта разьлічваць, што пазыцыя Захаду можа ўсё ж стаць чыньнікам, які будзе стрымліваць рэпрэсіўную палітыку ўладаў?
— Як мне падаецца, з гледзішча беларускіх сілавікоў (бо ўлада зараз не зьяўляецца чымсьці маналітным, там праглядаюцца розныя плыні) яны лічаць, што не пераходзяць мяжы, якая можа прывесьці да санкцыяў ці рэзкага пагаршэньня адносінаў з Захадам. Я спадзяюся, што справа прафсаюзаў ня скончыцца рэальным турэмным зьняволеньнем.
Тое, што цяпер адбываецца з журналістамі — гэта вельмі моцны і вельмі рэзкі, але папераджальны сыгнал для ўсёй незалежнай мэдыяпрасторы пра тое, што «ў нас няма сьвятых кароў». Таму і караюць журналістаў Tut.by, каб усе іншыя разумелі, што яны таксама не абароненыя, што няма незалежных пляцовак, дзе можна пачувацца бясьпечна.
І гэтая мяжа (у адносінах з Захадам) пакуль беларускімі ўладамі не пяройдзена, пакуль у нас не зьявіліся палітзьняволеныя, асуджаныя ў палітычных справах. Гэта вельмі трывожныя сыгналы, але я спадзяюся, што заходнія палітыкі, нашы партнэры-праваабаронцы на Захадзе востра адрэагуюць на тое, што адбываецца зараз у Беларусі. І ў выніку гэты наступ на дэмакратычныя свабоды, хай яны моцна абмежаваныя ў Беларусі, ня будзе далей іх зьмяншаць і не прывядзе да катастрофы ў тых правах і свабодах, што маюць беларускія грамадзяне.