Суддзя Буда-Кашалёўскага раёна Кастанцін Скорын спыніў адміністрацыйную справу супраць гомельскай журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай, якая ў траўні зняла відэасюжэт “Бунт даярак” у сельскагаспадарчым прадпрыемстве КСУП “Крыўск”. Пра гэта паведамляе служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
Сюжэт паказаў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” — свае перадачы па-беларуску ён транслюе з тэрыторыі Польшчы.
У судовай пастанове, дасланай журналістцы, гаворыцца, што справа спыненая ў звязку з заканчэннем двухмесячнага тэрміну, цягам якога магчыма прыцягваць парушальніка да адказнасці.
Напярэдадні сябры Гомельскай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” накіравалі калектыўны зварот начальніку Буда-Кашалёўскага райаддзела міліцыі Віталю Падзеруну з патрабаваннем спыніць неабгрунтаванае ўмяшальніцтва супрацоўнікаў міліцыі ў права журналістаў на свабоднае атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, гарантаванае артыкуламі 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Нагодай стаў акурат распачаты адміністрацыйны працэс супраць Ларысы Шчыраковай за відэасюжэт “Бунт даярак”, у якім распавядалася пра канфлікт вясковых працаўніц з кіраўніцтвам КСУП “Крыўск” Буда-Кашалёўскага раёна на тле неабгрунтаванага звальнення адной з працавітых каляжанак.