Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся да спецыяльнага дакладчыка Савета па правах чалавека ААН* па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне спадара Дэвіда Кайе з просьбай ўступіць у камунікацыю з беларускімі ўладамі і заклікаць іх спыніць пераслед ЛГБТК+актывісткі Вікторыі Біран за выказванне ёю сваёй грамадзянскай пазіцыі да гамафобнага артыкула, размешчанага на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў.
У сваім звароце праваабаронцы апісалі ход падзей, пачынаючы ад 17 траўня, калі на амбасадзе Вялікабрытаніі быў вывешаны вясёлкавы сцяг у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй, да 30 ліпеня, калі суд Ленінскага раёна Мінска спыніў адміністрацыйную справу супраць Вікі Біран за фотаздымак, зроблены 24 траўня на фоне будынку КДБ, з прычыны заканчэння тэрмінаў даўнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.
Асаблівую ўвагу сп. Дэвіда Кайе праваабаронцы звяртаюць на тое, што ў адміністрацыйных працэсах у судах Цэнтральнага і Маскоўскага раёна горада Мінска Вікторыя Біран патлумачыла, што ў пікетаванні не ўдзельнічала, а сфатаграфавалася з плакатам «Самі вы падробка» у адказ на калонку, якая была размешчана на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў на тэму стаўлення да ЛГБТ-супольнасці. Дадзенае дзеянне Вікторыі Біран было абумоўлена жаданнем выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адказ на гамафобнае заяву Міністэрства ўнутраных спраў і атрымаць водгукі ў сацыяльнай сетцы «Facebook», дзе на персанальнай старонцы актывісткі і былі размешчаныя фотаздымкі на фоне будынкаў Дома ўрада і МУС.
Аднак, у абодвух выпадках беларускія суды кваліфікавалі фатаграфаванне Вікі Біран з плакатам як адзіночны пікет.
«У парушэнне часткі 3 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах суды Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў горада Мінска, якія падвергнулі Вікторыю Біран пераследу, не абгрунтавалі неабходных і дапушчальных абмежаванняў свабоднага выказвання меркавання. Суддзямі, якія разглядалі адміністрацыйныя справы ў дачыненні да Вікторыі Біран, не ўстаноўлена, якім чынам фатаграфаванне з плакатам «Самі вы падробка» на фоне будынкаў Дома Урада і Міністэрства ўнутраных спраў несла пагрозу дзяржаўнай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маралі насельніцтва», - падкрэсліваюць праваабаронцы ў звароце і просяць спецдакладчыка заклікаць беларускія ўлады спыніць пераслед актывісткі.
*Савет па правах чалавека - вядучы орган ААН, які адказвае за правы чалавека, заснаваны ў 2006 годзе. Ён замяніў Камісію па правах чалавека, якая больш за 60 гадоў знаходзілася ў цэнтры сістэмы ААН па правах чалавека.
Спецыяльныя працэдуры - гэта агульнае найменне механізмаў назірання, кансультавання і адкрытай справаздачнасці аб сітуацыі з правамі чалавека ў канкрэтных краінах (мандаты па краінах) або па вызначаных праблемах парушэнняў правоў чалавека ва ўсім свеце (тэматычныя мандаты), якія перайшлі ў падпарадкаванне Савета па правах чалавека,
Мандатарыі (спецыяльныя дакладчыкі) дзейнічаюць у асабістай якасці. Іх дзейнасць можа ўключаць у сябе:
- атрыманне, абмен, аналіз інфармацыі пра сітуацыі ў сферы выканання правоў чалавека;
- рэагаванне на скаргі прыватных асобаў;
- правядзенне даследаванняў;
- накіраванне ўрадам заклікаў да хуткіх дзеянняў або заяў;
- наведванне краінаў з візітамі па запрашэнні урадаў і падрыхтоўку высноваў і рэкамендацый на падставе гэтых візітаў;
- кансультаванне па тэхнічным супрацоўніцтве на краінавым узроўні;
- агульнае заахвочванне правоў чалавека.
Ключавая асаблівасць спецыяльных працэдур - іх здольнасць хутка рэагаваць на заявы на меркаванае парушэнне правоў чалавека, якое адбываецца ў любой частцы света і ў любы час.
Крыніца: «Вясна» просіць спецдакладчыка Дэвіда Кайе заступіцца за ЛГБТК-актывістку Віку Біран