Суд Фрунзенскага раёну пакараў 10 суткамі Паўла Севярынца, аднаго з лідэраў пратэстаў супраць рэстарацыі «Поедем поедим» ля Курапатаў, піша радыё «Свабода».
Сам Павал Севярынец на паседжанне суду не прыйшоў. Суд палічыў знаходжанне Севярынца ля рэстарацыі са сцягам несанкцыянаваным пікетам і асудзіў яго па арт. 23.34 КаАП да 10 сутак арышту.
Павал Севярынец заявіў Свабодзе, што лічыць гэты прысуд беззаконнем, што ўлады такім чынам хочуць збіць хвалю пратэсту супраць рэстарацыі ля Курапатаў.
Палітык чакае свайго затрыманьня неўзабаве і накіравання ў ізалятар.
«Варта будзе працягвацца, нягледзячы на арышт лідэраў, тут праблемы няма. Каб варта спынілася, трэба арыштаваць некалькі соцень чалавек, якія ў ёй бяруць удзел па чарзе. На пачатку ліпеня ўжо былі арыштаваныя шэсць найбольш актыўных удзельнікаў, але гэта не спыніла нашую варту»,— заявіў палітык Свабодзе.
Раней Севярынец атрымаў штраф памерам 50 базавых велічыняў за ўдзел у прэсавай канфэрэнцыі каля брамы рэстарацыі «Поедем поедим», якую суд назваў пікетаваннем. Суд тады прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства».
Павал Севярынец — адзін з ініцыятараў так званай «курапацкай варты». Ён амаль штодня дзяжурыць каля рэстарацыі. У пачатку ліпеня Севярынец быў сярод васьмі затрыманых актывістаў. За пікет у Курапатах ён правёў 10 сутак за кратамі.
Раней у суботу каля рэстарацыі «Подем поедим» затрымалі актывіста Максіма Вінярскага. Ён ужо адбывае 10 сутак у ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсьціна ў Мінску.
Агулам суды завялі ўжо больш за 140 адміністрацыйных спраў на грамадзян, якія пратэставалі супраць адкрыцця рэстарацыі «Поедем поедим».
Крыніца: Севярынца асудзілі на дзесяць сутак за абарону Курапатаў