Старшыня міжнароднай праваабарончай арганізацыі Libereco - Partnership for Human Rights Ларс Бюнгер распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” пра сваю дзейнасць па Беларусі, тэмы, якія больш за ўсё хвалююць, і тыя змены, якія неабходныя ў краіне.
Упершыню нямецка-швейцарскі праваабаронца патрапіў у Беларусь 18 год таму. Ён адзначае, што за гэты час, агульная палітычная сітуацыя ў Беларусі не змянілася вельмі моцна.
- Ці бачыць Libereco нейкія пазітыўныя тэндэнцыі ў сферы правоў чалавека ў Беларусі?
Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо дваццаць чатыры гады. І агульная палітычная сітуацыя не моцна змянілася. Ёсць дыктатура, ёсць адзін кіраўнік, і ён не дапусціць, каб нехта забраў яго ўладу. Гэта агульная перспектыва, і гэта вельмі сумна. Я ведаю шмат людзей, якія раней жылі ў Беларусі каля 10-12 гадоў таму. Яны былі вельмі актыўныя, удзельнічалі ў дэманстрацыях і гэтак далей. І некаторыя з іх былі ў турме, а некаторыя сталі ахвярамі катаванняў. І таму некаторыя пакінулі краіну. І я разумею, што некаторыя з маіх сяброў майго ўзросту пакінулі краіну, таму што яны не бачаць аніякіх перспектываў, каб атрымаць добрую працу. Гэта для мяне вельмі сумна ў нейкім сэнсе.
Але я заўважыў, што ўсё-ткі ёсць людзі, якія спрабуюць нешта змяніць. Вядома, я прыязджаю ў Беларусь цягам 18 гадоў і я заўважаю пэўныя змены, такія як вялікія супермаркеты і гандлёвыя цэнтры, новыя рэстараны і кавярні, сучасныя аўтобусы, больш заходняга ладу жыцця са смартфонам і іншымі рэчамі, якія таксама ёсць у нас у Германіі. Так, вядома, агульныя абставіны больш сучасныя, але палітычная сітуацыя і сітуацыя ў галіне правоў чалавека застаецца на ранейшым кепскім узроўні.
Апошнія гады мы бачым, што ёсць усяго некалькі палітычных зняволеных, якія апынуліся ў турме на працяглыя тэрміны, але ўсё можа памяняцца ўжо заўтра. Таму ў любы момант па нейкай прычыне можа адбыцца вялікая акцыя пратэсту, а потым міліцыя зноў будзе ўжываць гвалт супраць мірных дэманстрантаў і людзі атрымаюць доўгія тэрміны турэмнага зняволення, як толькі ўлады адчуюць, што гэта можа быць небяспечна для іх.
Ларс Бюнгер адзначае, што ў Беларусі сітуацыя на дадзены момант значна лепшая, чым, напрыклад, у Расіі, Данбасе, Сірыі ці Турцыі. Аднак, праваабаронца лічыць, што Лукашэнка не зменіцца і што любыя змены ў бок дэмакратыі з Лукашэнкам немагчымыя.
І ўсе ж такі Ларс Бюрген рады, што зараз ёсць толькі два палітычныя зняволеныя, і адзін з іх (Зміцер Паліенка) будзе вызвалены восенню гэтага года. Бо ён памятае, як пасля выбараў 2010 года быў спіс з пяцідзесяці чалавек, якія атрымалі турэмныя тэрміны, і ацэньвае цяперашняе становішча як значна лепшае.
- З якімі праблемамі, акрамя правоў бяздомных, Libereco працуе ў Беларусі або хоча працаваць у будучыні?
Тэма бяздомных з'яўляецца зусім новай для нас. І мы на самай справе яшчэ не пачалі з ёй працаваць. Некалькі гадоў таму, у 2013 г., быў выпадак Аляксея Шчадрова, каталіцкага святара, які быў абвінавачаны па артыкуле 193.1, і існавала небяспека, што ён можа трапіць у турму і што яго прытулак для бяздомных можа быць закрыты. І мы працавалі з ім. І, у выніку, гэта быў маленькі поспех, таму што абвінавачванні супраць яго былі знятыя.
Гэта быў першы раз, калі мы заўважылі гэтую праблему, што людзі, якія з'яўляюцца актыўнымі, якія займаюцца бяздомнымі, спрабуючы ім дапамагчы, яны таксама могуць сутыкнуцца з рэпрэсіямі, напрыклад, як актывісты Food Not Bombs. І мы падумалі, што было б добра працаваць па гэтай тэме. А потым у час Чэмпіянату свету па хакеі мы атрымлівалі паведамленні пра бяздомных, якіх прыбіралі з вуліц і выкідалі з горада. І мы захацелі даведацца больш пра сітуацыю з бяздомнымі ў Беларусі.
Іншыя тэмы, па якіх мы працуем у Беларусі, гэта, канечне, свабоды асацыяцыі, сходаў і выказвання меркаванняў. Мы пачалі кампанію апякунства, каб знайсці дэпутатаў Еўрапейскага парламента або нямецкага Бундэстагу, якія б маглі стаць “хроснымі бацькамі” для палітычных зняволеных у Беларусі, таму што тады – пасля выбараў 2010 года - іх было вельмі шмат. І нам удалося знайсці амаль дваццаць дэпутатаў.
Ларс Бюрген падкрэслівае, што Libereco вельмі зацікаўленая ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. І калі ёсць неабходнасць у прыняцці нейкіх захадаў, публікацыі заяваў або запуску акцыі, сябры арганізацыі заўсёды “за”. Напрыклад, калі Алесь Бяляцкі быў у турме, Libereco пачала кампанію ў Facebook у яго падтрымку пад назвай «Мы ўсе Алесь». Праваабаронцы таксама пачалі кампанію ў падтрымку аднаго з двух палітычных зняволеных у Беларусі, Міхаіла Жамчужнага.
Мы не вельмі вялікая арганізацыя. Усяго, у нас ёсць каля 40 сяброў. І некаторыя з нас працуюць па Украіне, а іншыя – па Беларусі. За апошнія некалькі гадоў мы таксама працавалі з тэмай выбараў у Беларусі. Гэта быў праект Belarus Votes, калі мы прывезлі групу журналістаў з Літвы, Польшчы і Беларусі, каб яны пісалі пра выбары. Наступныя выбары пройдуць у 2020 годзе, і яны могуць стаць добрай нагодай, каб зрабіць яшчэ адзін раўнд гэтага праекта.
Мы таксама заўважылі, што больш заўважнымі сталі рэпрэсіі супраць ЛГБТ-супольнасці. І гэта таксама можа быць яшчэ адной тэмай для нас. Праблема была не такой прыкметная раней, але на працягу апошніх некалькіх месяцаў яна стала больш публічнай у сродках масавай інфармацыі.
- Якія змены прымусяць вас спыніць працу па Беларусі?
Калі б маглі адбыцца выбары, справядлівыя, свабодныя і дэмакратычныя. І людзі б не баяліся гаварыць свабодна. І не было б больш затрыманняў мірных дэманстрантаў. І, вядома, не было б больш катаванняў і смяротнага пакарання. Калі ўсе гэтыя правы будуць паважацца ў Беларусі, то, магчыма, мы будзем вымушаныя засяродзіцца на іншых краінах.
Я вельмі спадзяюся, што аднойчы я змагу проста прыехаць сюды, каб сустрэцца з сябрамі або для адпачынку, замест таго, каб чуць усе гэтыя сумныя гісторыі аб парушэннях правоў чалавека. Я мару пра гэта. І я мару пра гэта на працягу вось ужо васямнаццаці гадоў. Але я сапраўды спадзяюся, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час.
Крыніца: Ларс Бюргер: Спадзяюся на змены ў Беларусі бліжэйшым часам