Два дні працягваўся разгляд адміністрацыйнай справы актывісткі Маі Навумавай у судзе Першамайскага раёна Мінска.
Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы (арт 23.4 КаАП) быў складзены яшчэ 14 ліпеня.
У той дзень адзін з аўтамабіляў, які спрабаваў праехаць да рэстарана «Поедем поедим», збіў пікетоўшчыка Леаніда Кулакова. Была выкліканая міліцыя, аднак супрацоўнікі не захацелі разбірацца з аўтаўладальнікам, а замест гэтага пачалі складаць пратаколы на актывістаў. А пазней некалькі ахоўнікаў пад кіраўніцтвам саўладальніка рэстарана Леаніда Зайдэса з прымяненнем фізічнай сілы адцягвалі з дарогі пікетоўшчыкаў, вырываючы з рук плакаты і сцягі. Пра здарэнне падрабязна пісала Радыё Свабода.
У выніку ў Маі Наумавай на целе з’явілася некалькі вялікіх гематом і крывападцёкаў, якія зафіксаваныя медыцынскай экспертызай.
Суддзя Ігар Сідарок праігнараваў усе довады Навумавай і сведкаў з яе боку і 3 жніўня вынес пастанову аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу ў памеры 20 базавых велічынь.
Сведкі здарэння, пазначаныя ў пратаколе правапарушэння - Леанід Зайдэс, і менэджар рэстарана «Поедем поедим» Святлана Дубкова - у судзе так і не з’явілісяя, а суддзя Сідарок палічыў непатрэбным выклікаць іх у суд.
Крыніца: Сведка Зайдэс праігнараваў суд над збітай ахоўнікамі абаронкі Курапат