Як паведамляе Белсат, чалавек не губляе права на жыццё нават пасля здзяйснення найцяжэйшых злачынстваў, сучасныя ўмовы ўжо не даюць маральнага апраўдання выкарыстанню смяротнага пакарання, кажа новая рэдакцыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе выконваецца смяротнае пакаранне. Пры гэтым католікі тут з’яўляюцца адной з найбольш актыўных групаў насельніцтва. Ці паўплывае афіцыйнае меркаванне Касцёла на пазіцыю беларускіх уладаў?
Што змянілася?
Цяпер Каталіцкі Касцёл лічыць, што смяротнае пакаранне недапушчальнае і рашуча выступае за яго адмену. Адна з прычынаў гэтага – зʼявіліся больш эфектыўныя спосабы абмежавання свабоды, якія гарантуюць належную абарону грамадзянаў і адначасова канчаткова не пазбаўляюць вінаватага магчымасці выправіцца. Гэтыя словы ўзятыя з прамовы Папы Рымскага Францішка ў кастрычніку 2017 года.
Раней было інакш. У папярэдняй рэдакцыі Катэхізіса адзначалася: «Пры ўмове, што асоба і адказнасць вінаватага цалкам устаноўленыя, традыцыйнае вучэнне Касцёла не выключае выкарыстання смяротнага пакарання, калі гэта адзін магчымы шлях сапраўды абараніць жыцці людзей ад несправядлівага агрэсара».
Пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі
З часоў адраджэння незалежнасці амаль не было года, калі б у краіне па рашэнні судоў не расстралялі б некалькіх асобаў. Гэта людзі асуджаныя за асабліва цяжкіх злачынствы, якія звязаныя са свядомымі забойствам людзей пры абставінах, якія робяць віну злачынцы яшчэ больш цяжкаю.
Забіць па рашэнні суда ў Беларусі можа толькі мужчыну не маладзейшага за 18 гадоў і не старэйшага за 65 гадоў.
У 2011 годзе мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам увесці мараторый на смяротнае пакаранне, а потым зусім яго адмяніць. Гэта адбылося ў сувязі з дыскусіяй вакол смяротнага пакарання, якое прысудзілі Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.
«Сёння, звяртаючы ўвагу на магчымасці, якімі валодае дзяржава для перадухілення цяжкага злачынства і абясшкоджання злачынцы, не пазбаўляючы канчаткова вінаватага магчымасці выправіцца, выпадкі абсалютнай неабходнасці выкарыстання смяротнага пакарання ўжо вельмі рэдкія, а нават практычна ўжо не існуюць», – казаў каталіцкі іерарх.
Аляксандр Лукашэнка з 1990-х гадоў застаецца прыхільнікам смяротнага пакарання. Пры гэтым ён заяўляе, што ў гэтым выконвае волю ўласна беларускага насельніцтва.
Што такое катэхізіс?
Катэхізіс – ад грэцкага «вуснае настаўленне» – гэта сістэматычнае апісанне вучэння (у дадзеным выпадку, Каталіцкага Касцёла), з якога кожны можа даведацца, у што зараз мае верыць католік, як гэтая вера павінна адбівацца на ягоным прыватным, грамадскім і палітычным жыцці.
Сучасны Катэхізіс выйшаў пры святым Папе Яне Паўле ІІ і стаў вынікам працы камісіі пад кіраўніцтвам кардынала Язэпа Ратцынгера (Папы Бенедыкта XVI).
Крыніца: Каталіцкі Касцёл афіцыйна змяніў стаўленне да смяротнага пакарання