Суд па "справе прафсаюзаў". Фота: ПЦ "Вясна". У судзе Савецкага раёна Мінска, дзе слухаецца крымінальная справа старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка, 2 жніўня працягнецца вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы. Учора суд азнаёміўся толькі з першым томам. Усяго ў справе іх - 11. Але напачатку мусіць быць дапытаны супрацоўнік УДФР КДК па Мінскай вобласці нехта Дзмітрыеў. Такое рашэнне прыняла суддзя Фёдарава ўчора, прычым з умовай захавання бяспекі для сведкі з улікам той дзейнасці, якой ён займаецца.

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.  

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.  

Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў.

* * *

Сёння зраніцы Генадзь Фядыніч хадайнічае, каб супрацоўніка ДФР Дзмітрыева дапыталі ў судзе візуальна, а не віртуальна. 

"Яму тут нічога не прагражае, і яго блізкім таксама, мы не АПГ, а людзі Беларусі" - кажа ён.

Абаронцы падтрымалі хадайніцтва. Пракурор - супраць. Суддзя выдалілася для прыняцця рашэння па хадайніцтву.

Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі  Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

        Што вядома па “Справе прафсаюзаў”? 

  • Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.
  • За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.
  • Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.
  • 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый,  Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў,  іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.

Крыніца: Суд па “справе прафсаюзаў”: што скажа супрацоўнік ДФР?