Перад судом “Вясна” сустрэлася з вядомым прафсаюзным лідарам Геннадзем Федынічам, каб распытаць пра яго асабісты жыццёвы шлях. З чаго пачыналася прафсаюзная дзейнасць Геннадзя? Як ствараўся самы магутны незалежны прафсаюз Беларусі? З якімі складанасцямі ў сваёй працы сутыкаўся старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыэлектроннай прамысловасці (РЭП), які ўжо 27 год узначальвае яго? Чытайце у нашым інтэрв'ю.
«Голас Амерыкі» перадаў, што ў Мінску адбылася несанкцыянаваная дэманстрацыя студэнтаў»
— Вышэйшую адукацыю артымліваў у Беларускім палітэхнічным інстытуце. Пакуль быў студэнтам — усялякае было. Неяк здарыўся адзін выпадак, пра які мала хто ведае. Мы тады вельмі заўзелі за хакейную зборную Савецкага Саюза. Неяк наша зборная гуляла з Чэхаславакіяй, годзе ў 1976. І калі нашыя выйгралі, то намі апанаваў такі парыў гонару, што мы са сцягамі выскачылі на вуліцу. А ўжо было гадзін 11 вечара! Дайшлі да Круглай плошчы, павярнулі і пайшлі назад у свае інтэрнаты. Людзей сабралася - тысяч пяць! Калі галава калоны ўжо паварочвался з Круглай плошчы, то хвост на Якуба Коласа яшчэ не варушыўся нават. Памятаю, былі занятыя ўсе паласы руху.
«Голас Амерыкі» тады перадаў, што ў Мінску адбылася несанкцыянаваная дэманстрацыя студэнтаў. Раніцай прыехалі прадстаўнікі КДБ з Масквы. Хто завадатар? І дэкан пачаў глядзець, хто са студэнтаў быў на «несанкцыянаванай дэманстрацыі».
Побач былі тры інтэрнаты: радыётэхнічнага інстытута, палітэхнічнага і фізкультурнага. Супрацоўнікі КДБ прыйшлі да нас у палітэх, а мы адказваем: “Пры чым тут мы? Гэта ж фізкультурнікі!” А тыя кажуць: не, гэта з інтэрнату РТІ выйшлі! А РТІ супраць: вы што, гэта палітэх усё арганізаваў! Але калі наш дэкан пачуў нашыя галасы, ахрыплыя з-за таго, што мы крычалі «Перамога!», ён аб усім здагадаўся. І толькі вымавіў: "Каб я вас тут не бачыў!" Тры дні праверка ўсіх дапытвала, але так нікога і не знайшла.
У студэнцтве шмат чаго было, але самае галоўнае – менавіта тады набыў арганізатарскія здольнасці, якія мне ў далейшым спатрэбіліся ў прафсаюзнай дзейнасці.
“На жаль, ніводны працоўны калектыў у Беларусі з тых часоў не паўтарыў такога, можна сказаць, подзвігу”
— Пасля інстытута мяне размеркавалі ў канструктарскае бюро дакладнага электроннага машынабудавання (КБДЭМ), дзе адпрацаваў 10 гадоў. Тут я адразу пачаў займацца прафсаюзнай дзейнасцю ў падрадзяленні, дзе працавала каля 400 чалавек. Адразу працаваў на грамадскіх пачатках, але з часам зразумеў, што трэба рухацца далей. У тыя часы для таго, каб пайсці вышэй, трэба было быць сябрам КПСС. У іншым выпадку не было ніякіх перспектываў. Я доўга вагаўся, але калегі мяне пераканалі, што гэта неабходна. Як толькі стаў сябрам КПСС, мне адразу прапанавалі стаць намеснікам старшыні парткама. Я пагадзіўся, але мяне вытрымалі толькі дзевяць месяцаў.
Аднойчы мне проста сказалі, што такія намеснікі ім не патрэбныя. Якраз тады падышоў тэрмін выбараў старшыні прафкама. Мы вырашылі правесці выбары ўсеагульным таемным галасаваннем ўсяго калектыву. Раней жа старшыню прафкама выбіралі на каферэнцыі. На жаль, ніводны працоўны калектыў у Беларусі з тых часоў не паўтарыў такога, можна сказаць, подзвігу. Я прайшоў з другога тура, хоць на пасаду прэтэндавалі пяцёра. Так я стаў першым у гісторыі Рэспублікі старшынёй прафкама, абраным усім працоўным калектывам.
«Нічога мы перарабляць не будзем, да пабачэння! Пакуль я ішоў з гэтай камісіі, сакратар парткама пасівеў»
— Раней усе абавязаныя былі хадзіць на дэманстрацыі 7 лістапада і 1 траўня. Нашыя мастакі павінны былі рабіць кветкі і розныя ўпрыгожанні да гэтых дэманстрацый. І па традыцыі - на мой погляд, ідыёцкай - трэба было ісці ў гарком партыі і атрымаць згоду на гэтыя кветачкі: гэтыя - добрыя, а тыя - не пасуюць. І аднойчы ў гаркаме я не змог змаўчаць. Я спытаў у той жанчыны, якая не ўхваліла нашыя кветкі: «Хто вы па прафесіі?» Яна кажа: «Я філолаг». І я ёй у адказ: «А вось са мной два мастакі! А вы - філолаг. Нічога мы перарабляць не будзем, да пабачэння!» Пакуль да працы дайшоў, сакратар парткама пасівеў. Яму ўжо тэлефон абарвалі: “Якога гэта вы нефармала нам падаслалі? Як ён можа быць намеснікам старшыні парткама?”
“Але тады быў вельмі высокі грамадзянскі пад’ём актыўнасці сярод беларусаў”
— На апошніх выбарах дэпутатаў у Вярхоўны савет СССР у 1989 годзе прыйшлі хлопцы з нашага цэху і прапанавалі выставіць свайго кандыдата. У нас была вельмі актыўная моладзь. Ды ўвогуле, калектыў быў вельмі адукаваным: 25-30% простых рабочых з вышэйшай адукацыяй. Панавала на заводзе атмасферы культуры і павагі. У аддзеле кадраў папрасілі падабраць маладых, чалавек дзесяць. Вывучыў іх біяграфіі, выклікаў да сябе пяць чалавек. Пагаварыў з усімі: хтосьці адразу адмовіўся, хтосьці сказаў, што гэта проста не яго. Мая прапанова прывабіла Сашу Дабравольскага. Я пагадзіўся ўзначаліць яго выбарчаю кампанію, і ў 1989 годзе мы правялі вялікую працу.
Гэта ж цяпер выкарыстоўваюцца розныя паліттэхналогіі, паслугі піяршчыкаў па прасоўванню кандыдатаў, а раней жа ніхто не ведаў пра гэта… Але тады быў вельмі высокі грамадзянскі пад’ём актыўнасці сярод беларусаў. Напрыклад, калі прыходзіш у друкарню і кажаш, што трэба за ноч зрабіць улёткі, то не было ніякіх праблемаў, не трэба было нават плаціць ніякіх грошай! Усё рабілася з велізарным энтузіязмам. Жыхары Серабранкі прыходзіла перад працай у палове сёмага на прахадную і разбіралі гэтыя ўлёткі. Нашыя хлопцы толькі паспявалі пазначаць, на якія адрасы яны пайшлі. Мы ніводнай улёткі самі не раздалі – не было ў гэтай ніякай патрэбы. Мы хацелі на трамваі зрабіць нейкую эмблему ў падтрымку нашага кандыдата, нават грошы знайшлі. Але кіраўніцтва дэпо забаялася зрабіць гэтую рэкламу.
“Наўрад ці хто ў Беларусі паўтарыў такое: пайшлі на выбары насуперак ўладзе і зрабілі тое, што хацелі людзі”
— Атрымалася, што па сутнасці выбарчай кампаніяй Сашы Дабравольскага ў 1989 годзе кіраваў я. Мяне нават выклікалі ў райкам партыі, і паведамілі, што ў іх свой кандыдат ёсць, наладчык з «Інтэграла»… І вось выбары. Трэба аддаць належнае: ніякай падтасоўкі на ўчастках увогуле тады не было. У выніку ў другі тур выйшлі наш кандыдат і гэты наладчык.
Тут ужо патрэбен быў крэатыў. У нас стаяла шыльда ля прахадной, два на чатыры метры: "Аб'яднанне" Планар". Аднойчы да мяне прыйшлі мастакі: «Генадзь, а калі мы за ноч намалюем там Дабравольскага? Ва ўвесь рост!» Я кажу: "Малюйце!" Да раніцы ўжо ўсё вісела. Працоўныя і інжынеры глядзелі і радаваліся: “Гэта ж наш!”
Калі абралі Дабравольскага, вядома, у эйфарыі было ўсё прадпрыемства. Уся актавая зала на 450 чалавек была бітком набітая, прасілі ўключыць тэлевізары і паглядзець першае пасяджэнне. Я гэтым перыядам ганаруся! Усё, што было зроблена мной і маімі калегамі, наўрад ці хто ў Беларусі паўтарыў: пайшлі на выбары насуперак ўладзе і зрабілі тое, што хацелі людзі.
- Пасведчанне кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Дабравольскага. Фотаздымак прадстаўлены з архіву прафсаюза РЭП
Працяг будзе.
Нагадаем, старшыні прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і бухгалтару Ігару Комліку прад'яўлена абвінавачванне ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Першае паседжанне прызначанае на панядзелак, 30 ліпеня ў 11:30 у Доме правасуддзя ў г. Мінску (вул. Сямашкі, 33).
Крыніца: Геннадзь Федыніч: "Можна зачыніць РЭП, але думкі людзей не закапаеш!" Фота