Гомельскага праваабаронцу і юрыста Леаніда Судаленку выклікалі 26 ліпеня па тэлефоне ў Навабеліцкі РАУС – нібыта ў міліцыі маецца заява ад грамадзяніна Гомеля, які просіць прыцягнуць да адказнасці Судаленку і актывіста Барыса Анікеева за паклёп.
Леанід Судаленка пазначыў у фэйсбуку:
Толькі што з міліцыі. Гомельскі "палітычны аглядальнік" з б-ч-б тату на плячы (ён жа “лысы правакатар” з Гомеля) напісаў на мяне і Барыса Анікеева заявы, просіць прыцягнуць нас да адказнасці за паклёп. Напямятаю, мы 20 чэрвеня лайкнулі пост Зміцера Аляхновіча аб яго паводзінах у Курапатах...
Праваабаронца схадзіў у Навабеліцкі РАУС, але ад апытання па заяве адмовіўся, скарыстаўшыся правам не сведчыць супраць сябе (артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі).
Але што такога мог напісаць у фэйсбуку Зміцер Аляхновіч, каб за лайк пад яго допісам людзей вінавацілі ў паклёпе? Высветлілася, што справа тычыцца сумнавядомага рэстарана “Поедем поедим» у Курапатах, дзе і “засвяціўся” мужчына з прыгожым нацыянальным тату на плячы.
“Лысы - правакатар з Гомеля! (Яўген Катлероў) Што пра яго сказаць? Здае ўсіх змагароў, ды і ў сацыяльных сетках іх жа брудам паліваў. А яшчэ пагоню на плячы накалоў. Іх там група асоб. Хутка пра іх даведаецеся, і пачуеце – сцеражыцеся гэтага чалавека, вельмі добра ўваходзіць у давер – праверана”, - піша на сваёй старонцы 19 ліпеня Аляхновіч і дадае відэаролік з youtube, у якім фігуруе вышэйадзначаны грамадзянін.
Дарэчы, пад пастом Зміцера Аляхновіча пастаўлена больш за 50 упадабаек. Няўжо ўсіх гэтых людзей грамадзянін Яўген Катлероў (а гэта хутчэй за ўсё ён напісаў заяву на Судаленку) будзе вінаваціць у паклёпе?
Ці справа тут у іншым? Падаецца, што заява аб паклёпе менавіта на Леаніда Судаленку ўзнікла не выпадкова, паколькі ён неаднойчы выступаў у якасці абаронцы абаронцаў Курапат.
Так, 23 ліпеня праваабаронцы Леанід Судаленка і Пётр Маркоўскі абвясцілі акцыю салідарнасці і падтрымкі Міхася Грамыкі - былога прапаршчыка міліцыі, якога 4 ліпеня ўзялі пад варту, а назаўтра асудзілі на 10 сутак арышту. Прычынай арышту з'явіўся той факт, што 44-гадовы міліцыянт перад рэстаранам “Поедем-поедим” ўстаў у адзін шэраг з абаронцамі Курапатаў, за што і страціў працу.
А ў чэрвені Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак запатрабавалі ад міністра МУС Ігара Шуневіча неадкладна спыніць выкарыстоўваць падраздзялення ДАІ для пераследаў абаронцаў Курапатаў, а таксама вызваліць ад адміністрацыйнай адказнасці кожнага, супраць каго тут распачаты адміністрацыйныя абвінавачанні. На сайце zvarot.by праваабаронцы арганізавалі збор подпісаў грамадзян з патрабаваннем спынення абаронцаў Курапатаў.
Верагодна, такім чынам улады спрабуюць панізіць градус грамадзянскай актыўнасці гомельскіх праваабаронцаў і блогераў, гэтак жа як апошнім часам робіцца з журналістамі і блогерамі ў Берасці, Гародні, Рэчыцы, паколькі яны пачалі істотна ўплываць на грамадзкую думку ў рэгіёнах.
Крыніца: Праваабаронцу Леаніда Судаленку таксама запісалі ў паклёпнікі?