У судзе Бярозаўскага раёна 26 ліпеня прайшло першае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе журналіста-фрылансера Тамары Шчапёткінай, якую вінавацяць у парушэнні артыкула 22.9 КаАП. Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, пасяджэнне пачалося з таго, што суддзя Алена Нямкова беспадстаўна выдаліла Аляксандра Кабанава з судовага пасяджэння. Пра тое, што пратакол патрабуе дапрацоўкі, даведаліся толькі пасля выступу Шчапёткінай і 45-хвіліннага перапынку, калі пачаў выступаць старэйшы ўчастковы Бярозаўскага РАУС Сяргей Манцэвіч, які складаў пратакол.
На думку праваабаронцы Сяргея Русецкага, суддзя не была падрыхтаваная, ён лічыць такі падыход да справы непрафесіяналізмам:
– Складваецца ўражанне, што пасяджэнне не было падрыхтаванае. Не сёння ж суддзя атрымала дакументы, магла ў дасудовым разглядзе накіраваць пратаколы на дапрацоўку. Столькі людзей было выклікана як сведкаў. Яны сядзелі, пакуль ішло пасяджэнне, пасля быў перапынак паўгадзіны, пасля зноў пасяджэнне. І людзям кажуць, што цяпер яны могуць ісці дадому – яны будуць выкліканыя наступным разам. Тая ж загадчыца крамы кажа, што яна больш не пойдзе, тое ж кажуць і пенсіянеры-сведкі.
Суддзя Нямкова адмовілася весці справу па-беларуску.
Тамару Шчапёткіну чарговы раз абвінавачваюць за працу на Беларускае Радыё Рацыя без акрэдытацыі. Апошні раз па гэтым артыкуле яе каралі ў лістападзе 2017 года. Яе заява па гэтай справе прынята да разгляду Камітэтам па правах чалавека ААН.
Крыніца: Суд над Тамарай Шчапёткінай перанесены, пратаколы – на дапрацоўцы