Міжнародная Амністыя выступіла ў падтрымку грамадзяніна Ірану Мехрдада Джамшыдзіяна, які знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна ў Мінску ў чаканні дэпартацыі, паведамляе радыё Свабода.
Як раней стала вядома, Мехрдад Джамшыдзіян стала жыве ў Беларусі з 1993 году. Ён жанаты з беларускай, яны маюць траіх дзяцей. І хоць у Іране Мехрдаду пагражае смяротнае пакаранне, беларускія ўлады маюць намер дэпартаваць яго. Афіцыйная падстава для дэпартацыі — парушэнне міграцыйнага заканадаўства. У 2016 годзе ў Мехрдада скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта, і з гледжання закону ён жыве ў Беларусі нелегальна.
На радзіме, у Ісламскай Рэспубліцы Іран, Мехрдаду пагражае смяротнае пакаранне. Па-першае, у 2011 годзе ён прыняў хрысціянства. Па-другое, калі ён звяртаўся па статус уцекача, то заявіў, што Іран — неправавая дзяржава, у якой прымяняюцца катаванні, а смяротнае пакаранне выносіцца без справядлівага судовага разбору. Таму атрымаць у амбасадзе Ірану новы пашпарт для Мехрдада няма шанцаў, лічыць ягоны адвакат.
Іранскія ўлады падазравалі Мехрдада ў падвойным забойстве — маці і брата. Аднак, у час, калі адбылося злачынства, ён знаходзіўся за мяжой, што пацвярджаецца дакументамі. Іранскія сваякі пісьмова заявілі, што не падазраюць Мехрдада. У інтэрвію Свабодзе ў 2015 годзе Мехрдад казаў, што іранскія ўлады выдумалі прычыну, каб дамагчыся ягонай выдачы.
У 2017 годзе Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ) устанавіў, што ў выпадку выдачы Мехрдада ў Іране яму пагражаюць катаванні і смяротная кара. Аднак месяц таму Джамшыдзіяна затрымалі, нягледзячы на рашэнне КПЧ. У ізалятары на Акрэсціна ў яго здарыўся інфаркт. Праз некалькі дзён лекавання ў шпіталі хворага зноў вярнулі за краты. Цяпер яму пагражае дэпартацыя.
Міжнародная Амністыя заклікае пісаць лісты на адрас міністра ўнутраных справаў Беларусі Ігара Шуневіча і начальніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксея Бегуна з просьбай вызваліць Мехрдада Джамшыдзіяна і спыніць ягоную дэпартацыю ў Іран, а таксама прадставіць яму пасля інфаркту належную медыцынскую дапамогу.
Крыніца: Міжнародная Амністыя заступілася за іранца, якога хочуць дэпартаваць з Беларусі