Барыс Анікееў. Фота: "Гомельская Вясна". Пры пікетаванні забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» і рэстарана "Поедем-поедим" у Курапатах 14 ліпеня гомельскага актывіста  Барыса Анікеева аштрафавалі чатыры разы.

Па інфармацыі “Гомельскай Вясны”, у чатырох выпадках супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі актывіста ў парушэнні ПДР, яшчэ адзін пратакол складзены супраць яго за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт 23.34 КаАП).

«З'яўляючыся пешаходам на прылеглай да АЗС «Беларуснафта» Бараўлянскага сельскага Савета тэрыторыі, неабгрунтавана перашкаджаў руху транспартных сродкаў», - з такой матывіроўкай інспектар ДПС УУС Мінаблвыканкама, ст.  лейтэнант міліцыі Дзмітрый Вітушка выпісаў абаронцу Курапатаў чатыры пастановы пра штраф у адну базавую велічыню па кожнаму.

Пяты пратакол за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства будзе разглядаць суд Мінскага раёна. Дата пакуль невядомая. Акрамя Барыса Анікеева, у гэты дзень супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы і на іншых абаронцаў Курапатаў.

Актывіст адзначае, што ён як і іншыя пікетуюць забаўляльную ўстанову не з мэтай магчымага парушэння закона, а дзеля прыпынення дзейнасці і закрыцця незаконнай пабудовы забаўляльнага комплексу ў ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты.

Крыніца: Абаронцу Курапатаў з Гомеля аштрафавалі чатыры разы за адзін дзень