У межах пятага раўнда Дыялогу па правах чалавека паміж Еўрасаюзам і Беларуссю 18 ліпеня ў Мінску прайшла сустрэча экспертаў Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. На мерапрыемстве абмяркоўваўся шэраг пытанняў, датычных бягучай сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
У сустрэчы з дэлегацыяй ЕС, якую ўзначаліў кіраўнік дэпартамента двухбаковых адносінаў з краінамі Усходняга партнёрства Дзiрк Шубель, прымалі ўдзел Валянцін Стэфановіч (Праваабарончы цэнтр “Вясна”), Таццяна Рэвяка (Беларускі дом правоў чалавека), Сяргей Мацкевіч (Асамблея наўрадавых арганізацый), Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Дзмітрый Чарных (Беларускі Хельсінкскі камітэт) і Юлія Мацкевіч (Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства).
На думку прадстаўнікоў ЕС, у Беларусі існуе блок праблем у галіне правоў чалавека, у якім назіраецца найменшая колькасць пазітыўных зменаў. Гэта пытанні катаванняў, смяротнага пакарання, рэфармавання прававой сістэмы і г.д. Менавіта пра гэтыя праблемы падчас свайго выступу распавёў праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч.
"Я нагадаў пра тое, што зараз у камеры смяротнікаў знаходзяцца чатыры чалавекі, у дачыненні да якіх прысуды ўступілі ў законную сілу. Пры гэтым у Камітэце па правах чалавека ААН зарэгістраваны індывідуальныя звароты двух з іх (Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога), і Камітэт накіраваў беларускай дзяржаве запыт на часовае прыпыненне выканання смяротнага пакарання. Аднак, на жаль, гэта не з’яўляецца стрымліваючым фактарам для дзяржавы. Бо, напрыклад, у ноч з 15 на 16 траўня быў расстраляны Аляксей Міхаленя, у адносінах да якога КПЧ ААН таксама прыняў такія меры тэрміновага парадку. І гэта не адзіны выпадак. Іх даволі шмат, калі КПЧ прымае рашэнні аб парушэнні Беларуссю права на жыццё ўжо па расстраляных людзях” – адзначыў Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца нагадаў, што праблема смяротнага пакарання шчыльна звязана і з іншымі праблемамі ў галіне правоў чалавека. Гэта і пытанне незалежнасці судовай сістэмы, праблема ціску на адвакатуру, пытанне недасканаласці пенітэнцыярнай сістэмы. Таксама Стэфановіч асобна адзначыў існаванне у краіне праблемы катаванняў, якая была падрабязна асветлена ў альтэрнатыўным дакладзе беларускай грамадзянскай супольнасці, прадстаўленым ў траўні падчас слуханняў у Камітэце ААН супраць катаванняў. Па выніках разгляду альтэрнатыўнага дакладу Камітэт вынес больш за 60 сістэмных рэкамендацый беларускай дзяржаве, аднак, выказаў занепакоенасць правабааронца, яны могуць быць фактычна праігнараваны ўладамі, як і большасць іншых рэкамендацый міжнародных арганізацый у дачыненні да Беларусі.
Таксама падчас сустрэчы прагучала пытанне палітычна матываванага крымінальнага пераследу лідэраў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, і кіраўніка інфармацыйнага агенства БелаПАН Алеся Ліпая. Акрамя таго юрыст ПЦ “Вясна” нагадаў пра лёс палітзняволеных Змітра Паліенкі і Міхаіла Жамчужнага.
Пасля сустрэчы Валянцін Стэфановіч падзяліўся сваімі думкамі пра дыялог “ЕС – Беларусь”, які зараз адбываецца, і непасрэдна пра яго перспектывы.
“Канешне мы падтрымліваем той дыялог у галіне правоў чалавека, які на сённяшні дзень вядзецца Еўрапейскім саюзам з Беларуссю, таму што ён дае магчымасць абмяркоўваць з урадам тыя важныя моманты, якія і фармуюць парадак дня. І дзякуючы таму, што мы рэгулярна даводзім нашую інфармацыю да міжнародных арганізацый, у тым ліку і да Еўракамісіі, мы, праваабаронцы, можам апасродкаваным чынам уплываць на гэты парадак дня. Але хоць нашыя ацэнкі і даходзяць да міжнародных структураў, яны не заўсёды даходзяць да іншага боку, то бок да нашых уладаў. Безумоўна, нам хацелася, каб дыялог унутры краіны ажыццяўляўся без пасрэдніцтва Еўрасаюза, а напрамую паміж праваабарончымі арганізацыямі і ўрадам, як гэта адбываецца ў цывілізаваных краінах. Але, на жаль, у нас пакуль гэтага няма, як і няма ніякіх нацыянальных інстытутаў па правах чалавека”, - канстатаваў юрыст ПЦ “Вясна”.
Адносна перспектываў дыялогу, праваабаронца прызнаўся, што на дадзены момант не бачыць падстаў спадзявацца, што ў бліжэйшы час ён будзе мець кардынальны ўплыў на сітуацыю ўнутры краіны. Але сам факт, што ўлады зараз вядуць гэты дыялог і жадаюць яго працягваць, ужо сам па сабе пазітыўны, бо былі перыяды, калі ніякіх стасункаў (па віне беларускіх уладаў і крызіснай сітуацыі ў краіне) увогуле не было.
Крыніца: Валянцін Стэфановіч: “Дыялог падтрымліваем, але перспектываў змены сітуацыі пакуль не бачым”