Суд Маскоўскага раёна выклікае на 10.30 гадзін раніцы 23 ліпеня Віку Біран як асобу, ў адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Аб гэтым стала вядома з смс-паведамлення, якое прыйшло на тэлефон актывісткі.
Гэта таксама паўторны разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 ("адзіночны пікет") за фотаздымак, які Віка Біран зрабіла на фоне Дому Урада, пасля таго, як у першы раз пратакол быў адпраўлены на дапрацоўку ў РУУС.
Цікава, што судовы разгляд прызначаны на апошні дзень перад сканчэннем тэрміна, у які можна прыцягнуць актывістку да адміністрацыйнай адказнасці.
Нагадаем, 16 ліпеня адбыўся разгляд аналагічнай справы ў судзе Цэнтральнага раёна г.Мінска. Суддзя Вікторыя Шабуня палічыла актывістку вінаватай у парушэнні правядзення масавага мерапрыемства - трохсекунднага фатаграфавання з плакатам каля будынку МУС, і аштрафавала яе на 15 базавых велічынь. Віка Біран збіраецца абскарджваць рашэнне суда. Тым часам на краудфандынгавай платформе "Талака" спачуваючыя ўжо назбіралі больш за 400 рублёў, каб пакрыць штраф актывісткі.
Як раней паведаміла Віка Біран на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, суды Маскоўскага, Ленінскага і Цэнтральнага раёна г. Мінска адправілі на дапрацоўку ў адпаведныя РУУСы ўсе тры пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні нібыта за правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства - "адзіночнага пікета". Менавіта так былі ацэненныя супрацоўнікамі міліцыі фотаздымкі з плакатам "Самі вы падробка", якія актывістка зрабіла на фоне будынкаў МУС, КДБ і Дому Ураду 24 траўня. Такім чынам Віка Біран выказала сваю нязгоду з артыкулам гамафобнага зместу пад назвай “Мы за сапраўднае”, які з'явіўся на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранных спраў і ў якім дзяржорган непрыязна выказваўся пра людзей ЛГБТК+ і вясёлкавы сцяг, што амбасада Велікабрытанія размясціла над сваім уваходам у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй – 17 траўня.
Крыніца: Новы суд чакае Віку Біран 23 ліпеня