У кастрычніку гэтага года палітвязень Зміцер Паліенка павінен выйсці на волю, але яго сябры, тыя, хто проста салідарны са Зміцерам, працягваюць акцыю салідарнасці з вязнем сумлення, піша palitviazni.info.
“Мы працягнем патрабаваць яго неадкладнага вызвалення праз пастаянныя публікацыі пра Змітра Паліенка на сваіх старонках у сацыяльных сетках, праз СМІ і любы іншы распаўсюд інфармацыі”, – кажа сяброўка актывіста Марына Насенка.
Тым часам, сам Зміцер у сваіх апошніх лістах расстаўляе ідэалагічныя акцэнты.
“Калі я некаму дасылаў бел-чырвона-белы сцяг, Пагоню, віншаваў з Днём волі, то гэта не азначае, што я “ліберал-нацыяналіст”, – піша Зміцер. – Гэта свайго рода таксама пратэст і сцёб над сістэмай… Многія мяне крытыкуюць за маё мінулае, калі я быў нацболам-“русскомировцем”. НБП – магутная секта, у якую я патрапіў у 13 (!) год. Падлеткавы юнацкі максімалізм. Калі малады, то многае не разумееш. Калі ж становішся больш дарослым, то адкрываеш вочы на многія рэчы, у цябе змяняюцца погляды, ідзе станаўленне асобы. Тут трэба асэнсаваць галоўнае. Калі б не было б мінулага (няхай і памылковага), то я б не прыйшоў да сёняшніх сваіх поглядаў…”
Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.
12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Зміцер Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.
7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).
Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі (лепш – замоўныя) па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г. Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.
Крыніца: Палітвязень Зміцер Паліенка: "Калі ты малады, то многае не разумееш"