Вольга Лагвіновіч. Фота: прэс-служба Партыі БНФ Суд Маладзечанскага раёна 11 ліпеня асудзіў актывістку Вольгу Лагвіновіч за ўдзел ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве “Астравецкі шлях” (арт. 23.34 КаАП), якога на самой справе не было. Пра гэта паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.

Асаблівасцю разгледжанай судом справы было тое, што масавай акцыі 26 траўня ў Заслаўі фактычна не было – арганізатары падавалі мясцовым уладам заяўку на правядзенне мітынгу, прысвечанага наступствам аварыі на Чарнобыльскай АЭС і пагрозам, звязаным з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы. Аднак дазволу на правядзенне акцыі мясцовыя ўлады не далі.

Таму акцыя складалася з наведвання розных памятных месцаў горада з расповедамі пра гісторыю Заслаўя і круглага стала па атамнай праблематыцы. Агулам былі задзейнічаныя каля двух дзясяткаў палітыкаў і грамадзкіх актывістаў з дэмакратычных арганізацый. Аднак міліцыянты ўсё роўна склалі пратаколы за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» паводле артыкулу 23.34 КаАП у дачыненні да ўдзельнікаў круглага стала:

  • Яна Лагвіновіча,
  • Ігара Лялькова,
  • Вячаслава Сіўчыка,
  • Марыны Найдзіч,
  • намесніка старшыні Беларускай Партыі “Зялёныя” Зміцера Кучука.

У судзе Маладзечанскага раёна пры разглядзе справы ў дачыненні да сябры Сойму Партыі БНФ Вольгі Лагвіновіч міліцыянты мелі складанасці ў прадстаўленні доказаў правапарушэння. На першапачаткова прызначаны на 10 ліпеня судовы разгляд сведкі-міліцыянты ўвогуле не з’явіліся.

Калі ж 11 ліпеня сведкі-міліцыянты ўсё ж наведалі суд, іх паказанні відавочна сведчылі пра адсутнасць складу правапарушэння ў дзеяннях асобаў, на якіх былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы.

Тым не менш, нягледзячы на відавочна непераканаўчыя доказы, суд Маладзечанскага раёна прызнаў сябра Сойму Партыі БНФ Вольгу Лагвіновіч вінаватай ў парушэнні парадка правядзення масавых мерапрыемстваў і прысудзіў ёй адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе папярэджання.

Крыніца: Актывістку судзілі за акцыю, якой фактычна не было